Як улады і прапагандысты ў Беларусі змагаюцца з ЛГБТК+ супольнасцю
«Бачнасць вынішчаецца да нуля, дыскрымінацыя робіцца легітымнай, гамафобныя настроі падвышаюцца». «Салідарнасць» пагутарыла з актывістамі на ўмовах ананімнасці пра тое, як беларуская ЛГБТК+ супольнасць жыве ва ўмовах рэпрэсій і выгнання.
Калісьці грамадзянская ініцыятыва «Новыя рэгіёны» паўстала ў Магілёве як адказ на гамафобныя настроі, што з імпэтам (і без перашкод) распаўсюджвала мясцовая адміністрацыя і дзяржаўныя медыі. Актывіст_кам нават удалося перайграць у інфаполі сумнавядомы «Вячэрні Магілёў», зладзіць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, дыскусій і фестываляў.
Сёння пра тое, каб беларускія гарады і мястэчкі былі квір-фрэндлі, талерантнымі і эмпатычнымі, на жаль, не выпадае казаць. З самых высокіх трыбун і праз прапаганду гучыць мова варожасці, барацьба з «прапагандай ЛГБТ і чайлдфпы», якую вядуць улады і сілавікі, ідзе ў тым ліку на заканадаўчым узроўні, а ціск на ЛГБТК+ супольнасць толькі ўзмацняецца.
Каманда «Новых рэгіёнаў» — зрэшты, з 2024 года ініцыятыва ўзяла назву Прызматыка — знаходзіцца па-за межамі краіны і дапамагае іншым, хто ў небяспецы. Але нават цяпер актывіст_кі не могуць раскрываць свае асобы і імёны з прычын, добра зразумелых кожнаму беларусу.
Хто распальвае варожасць
Мінск-2012. Ілюстратыўны здымак
— Мы адзначаем, на жаль, што ў 2024 годзе сітуацыя з правамі ЛГБТК+ людзей у Беларусі істотна пагоршылася. Рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў Беларусі сталі яшчэ больш жорсткімі, накіраванымі на маргіналізацыю і поўнае выцісканне ЛГБТК+ супольнасці з публічнай прасторы.
Улады працягнулі курс на заканадаўчае абмежаванне любых праяваў па іх меркаваннях «нетрадыцыйных» каштоўнасцей: распрацаваныя або ўзмоцненыя законы, якія абмежоўваюць правы ЛГБТК+ людзей.
Усё гэта суправаджаецца агрэсіўнай дзяржаўнай прапагандай, якая мэтанакіравана фармуе вобраз ЛГБТК+ людзей як «варожых элементаў», інструментаў «калектыўнага Захаду» ў вайне супраць беларускай ідэнтычнасці.
Прадстаўні_цы «Прызматыкі» прыводзяць канкрэтны прыклад: 26 верасня 2024 года было зафіксавана рэзкае ўзмацненне рэпрэсій, адбываліся арышты, ператрусы і допыты. Тады сілавікі прыходзілі як да ЛГБТК+ людзей, так і да тых, хто проста наведваў мерапрыемствы супольнасці, нават да тых, хто не мае дачыненне да ЛГБТК+ актывізму.
Падчас ператрусаў у кватэрах беларуса_к шукалі любыя сімвалы, якія можна звязаць з ЛГБТК+ тэмай: вясёлкавыя сцягі, налепкі, кнігі, вопратку з сімволікай. У часе допытаў людзей прымушалі адкрываць тэлефоны, дзе супрацоўнікі гвалтоўна праглядалі кантакты, фатаграфіі, асабістыя перапіскі.
— Мы таксама ведаем пра выпадкі, калі трансгендэрных людзей прымушалі да дэтранзіцыі: гвалтоўна абавязвалі адмаўляцца ад прынятай гендарнай ідэнтычнасціі, калі чалавек не «вярнецца да нармальнага жыцця».
Наша каманда восенню дапамагала эвакуіраваць людзей з Беларусі, а таксама аказвала псіхалагічную падтрымку. І гэта быў вельмі цяжкі час для нас і для ўсёй супольнасці.
Дыскрымінацыя «ў законе»
Асобна варта спыніцца на зменах у заканадаўстве. «Прызматыка» нагадвае, што ўвесну-2024 Мінкультуры РБ была прынятая пастанова датычна выпуску, распаўсюду і рэкламы эратычнай прадукцыі, у тым ліку датычна сэксуальнага выхавання.
Гэты дакумент пашырыў панятак «парнаграфія» — цяпер у яго ўключаюць і дэманстрацыю «нетрадыцыйных сэксуальных алносін і/або паводзін», у пералік якіх чыноўнікі ўнеслі і «сэксуальныя адносіны паміж асобамі аднаго полу».
Такім чынам у рэпрэсіўнай практыцы з’явіўся яшчэ адзін інструмент: кіруючыся пастановай міністэрства, да ЛГБТК+ людзей у Беларусі могуць прымяняць артыкул 343 Крымінальнага годэксу РБ. І не проста могуць, а прымяняюць: толькі летась, па звестках праваабаронцаў, на падставе гэтага артыкула адбыліся як мінімум 15 затрыманняў, у тым ліку ў 2 выпадках былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.
У лютым 2025 года Саўмін РБ у першым чытанні ўхваліў папраўкі ў Закон аб правах дзіцяці, якія могуць істотна абмежаваць правы ЛГБТК+ людзей. Сярод новых пунктаў (артыкул 37-1) ёсць забарона «прапаганды гомасэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці». Вось так проста, праз коску. Гэтая інфармацыя, як лічаць дэпутаты беларускага парламенту, «шкодная для здароўя і развіцця дзяцей».
— Распаўсюджванне інфармацыі, якая тычыцца ЛГБТК+ тэм, зараз будзе падвяргацца жорсткім абмежаванням. Усе матэрыялы, звязаныя з гэтымі пытаннямі, павінны быць пазначаны ўзроставай катэгорыяй, што фактычна абмяжоўвае доступ да важнай інфармацыі для падлеткаў і моладзі, — канстатуюць суразмоў_ніцы «Салідарнасці».
Па факце, ствараюцца дадатковыя перашкоды для прасоўвання правоў і свабод ЛГБТК+ суполкі ў Беларусі. Акрамя таго, гэтыя змены ставяць пад пагрозу бацькоўскія правы тых, хто выхоўвае дзяцей у атмасферы прыняцця і павагі да разнастайных гендарных і сэксуальных ідэнтычнасцяў.
Акрамя таго, у лютым-2025 генпракуратура РБ выступіла з ініцыятывай забараніць «прапаганду гомасексуальнасці, гендарны пераход і бяздзетнасць».
Гэты законапраект пакуль не прыняты, але сам факт яго распрацоўкі і зацікаўленасці сілавікоў узмацняе атмасферу страху вакол ЛГБТК+ тэматыкі. Людзі вымушаныя маўчаць, не шукаць падтрымку, не казаць пра свае правы і праблемы, пад пагрозай яшчэ большай ізаляцыі і стыгматызацыі ў грамадстве.
Відавочна, гэтыя крокі — не адзінкавыя сігналы, а частка шырокай дзяржаўнай кампаніі. Бачнасць ЛГБТК+ людзей вынішчаецца да нуля, дыскрымінацыя робіцца легітымнай, гамафобныя настроі падвышаюцца.
Як гэта адбіваецца на ЛГБТК+ людзях? Самым негатыўным чынам. Яны пазбаўленыя магчымасці мець бяспечныя прасторы, публічна казаць пра сябе, знаходзіць падтрымку.
Многія грамадскія ініцыятывы, якія працавалі з уразлівымі групамі, былі альбо ліквідаваныя, альбо перайшлі ў рэжым самацэнзуры і працы інкогніта. Асабліва ўразлівай у гэтых варунках, у атмасферы варожасці і агрэсіі з боку грамадства аказваецца моладзь.
— Павялічылася колькасць зваротаў да псіхолагаў: людзі паведамляюць пра стан хранічнага стрэсу, ізаляцыі, страху перад затрыманнем або агрэсіяй з боку грамадства і сям’і, — зазначаюць прадстаўні_цы «Прызматыкі». — Адначасова і доступ да міжнародных праграм дапамогі таксама скарачаецца, што толькі пагаршае адчуванне пасткі і безнадзейнасці.
ЛГБТК+ актывізм выжывае выключна дзякуючы стойкасці і салідарнасці людзей, якія, нягледзячы на рызыкі, працягваюць змагацца за годнасць і правы чалавека.
Жыццё ў бяспецы. Ад Германіі да Аргентыны
— Хваля пераследу ЛГБТК+ людзей восенню 2024 года падштурхнула многіх да ад’езду. Ці ёсць прыкладныя звесткі, колькі беларусаў з’ехалі з гэтай прычыны, і ці ў гэтых выпадках ім чынілі перашкоды, або наадварот, прыспешвалі?
— З меркаванняў бяспекі мы не можам раскрываць дакладныя лічбы ці дэталі, але па нашых звестках, дзясяткі прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці былі вымушаныя пакінуць Беларусь увосень мінулага года.
Гэта быў няпросты працэс, многія сутыкаліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі на шляху выезду: ад складанасцяў з дакументамі да страху быць затрыманымі пры спробе перасячэння мяжы.
Нам не вядома пра выпадкі, калі людзей наўпрост прымушалі з’язджаць з краіны. Але дакладна ведаем сітуацыі, як некаторых пакідалі ў якасці «сведак» у крымінальных ці адміністрацыйных працэсах і прымушалі супрацоўнічаць з КДБ. У такіх выпадках ім загадвалі збіраць інфармацыю пра ЛГБТК+ арганізацыі, пра іншых чальцоў супольнасці.
Канкрэтныя кейсы ў «Прызматыцы» не агучваюць — многія з тых, хто выехаў, яшчэ перажываюць траўматычны досвед, ім патрэбны час і прастора для аднаўлення. Але нават пасля таго, як людзі аказаліся ў адноснай бяспецы за межамі Беларусі, наступствы пераследу праяўляюцца, адзначаюць нашы суразмоў_ніцы.
— Шмат хто сутыкаецца з праблемамі са здароўем пасля адседак у ІЧУ. Атрымліваюць дыягназы, сярод якіх дэпрэсія, ПТСР, трывожныя засмучэнні. Псіхалагічныя наступствы жорсткіх умоў і гвалту патрабуюць працяглай падтрымкі і працы са спецыялістамі.
— Выехаць з Беларусі — яшчэ не роўна быць у бяспецы. У якія краіны вы катэгарычна не раіце з’язджаць, і ці ёсць, так бы мовіць, «белы спіс»? Куды ЛГБТК+ беларусы могуць звярнуцца за мяжой, каб атрымаць пэўную падтрымку?
— На жаль, у большасці выпадкаў у ЛГБТК+ людзей няма сапраўднага выбару, калі ўзнікае неабходнасць тэрмінова пакінуць Беларусь. Часта гэта рашэнне прымаецца за лічаныя дні ці гадзіны, і людзі выязджаюць у найбліжэйшыя краіны, проста каб уратавацца і апынуцца хаця б у адноснай бяспецы. У такіх сітуацыях не да ацэнкі таго, ці будзе новая краіна «ідэальна бяспечнай» для квір-асобы — важна выжыць.
Аднак, калі гаварыць пра доўгатэрміновую перспектыву і прававую абарону, існуюць краіны, дзе сітуацыя з правамі ЛГБТК+ людзей значна лепшая і дзе сапраўды можна атрымаць падтрымку.
Да такіх, адносна бяспечных, краін можна аднесці Германію, Іспанію, Францыю, Партугалію, Нідэрланды, Швецыю, Бельгію і некаторыя іншыя краіны ЕС. У іх існуе заканадаўчая абарона ад дыскрымінацыі, магчымасць атрымаць статус уцекача па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі або гендэрнай ідэнтычнасці, а таксама дзе працуе сетка ЛГБТК+ арганізацый, гатовых падтрымаць.
У той жа час, вы маеце рацыю, існуюць краіны, кудымы катэгарычна не раім з’язджаць у пошуках абароны. Напрыклад, Турцыя, Азербайджан, іншыя краіны з аўтарытарнымі рэжымамі і адкрыта гамафобнай дзяржаўнай палітыкай.
У некаторых дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (напрыклад, у Венгрыі або Славакіі) прававая абарона таксама вельмі слабая, і ёсць высокі ўзровень гамафобіі на дзяржаўным або грамадскім узроўні.
Мы таксама ведаем пра выпадкі, калі ЛГБТК+ людзі з Беларусі выязджаюць у краіны па-за межамі Еўропы, напрыклад, у Аргентыну, Бразілію ці Тайланд.
Гэтыя краіны ў апошнія гады сталі даволі папулярнымі сярод квір-беларусаў дзякуючы больш адкрытай атмасферы, а таксама магчымасцям для легалізацыі і пабудовы жыцця без штодзённага страху.
Аргентына, напрыклад, з’яўляецца адной з самых прагрэсіўных краін у Лацінскай Амерыцы адносна правоў трансгендарных людзей. У Бразіліі ёсць актыўны квір-актывізм і некаторыя праграмы падтрымкі для мігрантаў, хоць узровень бяспекі можа адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна. Тайланд даўно лічыцца адносна бяспечнай краінай для ЛГБТК+ людзей.
Але важна разумець, што нават у гэтых краінах могуць узнікаць бар’еры, звязаныя з легалізацыяй, мовай і доступам да медыцынскай або псіхалагічнай дапамогі.