Ваююць, адчайна і гераічна, супраць лідэраў дэмакратычнага руху. У розныя часы супраць розных. З кім толькі за апошнія трыццаць гадоў ні ваявалі!
Вольскі: «Мы, замест таго, каб аб’яднацца ды ісьці агульнай калёнай, ад пачатку драбнімся, ваюем паміж сабою»
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра вечную барацьбу ў коле беларускіх дэмакратычных сілаў — барацьбу саміх з сабой. Ці ёсьць у ёй сэнс?
Атрымаў я ўзнагароду ад беларускіх дэмакратычных сілаў — мэдаль Францішка Скарыны. На знак прызнаньня майго сьціплага ўнёску ў справу беларускае культуры і самаідэнтыфікацыі нашага народу.

Хтосьці віншуе, іх шмат (дзякуй вам усім, дарэчы!), хтосьці зьневажае, маўляў, як можна было браць узнагароду з рук самаабвешчанае лідэркі? Гэтых людзей ня надта шмат, але яны вельмі актыўныя. Каб такую кіпучую актыўнасьць (і нянавісьць!) ды пусьціць на справу сапраўднай барадзьбы з рэжымам, дык ён бы ўжо гадоў дваццаць як абрынуўся б. Але не.
З кім змагаюцца
Змагаюцца не з рэжымам, не з тымі, хто разьвязаў сапраўдны тэрор у краіне і змусіў зьехаць сотні тысячаў беларусаў на чужыну. Ня з тымі, хто доўгія гады нішчыў беларускую культуру і дасягнуў у гэтай справе пэўных посьпехаў.
Ня з тымі, хто ініцыяваў працэс інтэграцыі з Расеяй і працягвае працаваць на гэтае павольнае, але ўпэўненае паглынаньне. Ня з тымі, хто катаваў і забіваў.
Ня з тымі, хто ініцыяваў і культываваў у РБ інстытут ідэалёгіі (а ўся ідэалёгія ў іхнім пляскатым разуменьні — гэта адно ляяльнасьць цяперашняе ўладзе і ўхвала іхнага лідэра, што б ён ні вараціў).
Не. З гэтымі не змагаюцца.
Той быў недастаткова добры, бо выйшаў з намэнклятуры, гэты кепска гаварыў па-беларуску, той — хутчэй за ўсё, агент (ніякіх пацьверджаньняў няма, але — хутчэй за ўсё), гэты — засланы казачок, на службе ў расейцаў, гатовы нас здаць на тры пятнаццаць.
За доўгія часы дыктатуры аб’екты абурэньня й зьнявагі зьяўляліся, зьмяняліся, сыходзілі ў цень, у нябыт, зьяўляліся новыя, яны таксама выклікалі рэзка адмоўныя пачуцьці ў пэўнае нешматлікае, але вельмі актыўнае часткі беларускага насельніцтва...
«Засланы расейскі казачок» ці «які-ніякі а свой»?
Калі скажаш: «Вы змагаецеся са сваімі», гэтыя ваяры абурацца: «Ды якія яны свае?! Яны вунь зьвярталіся да Пуціна, яны хацелі ягонае падтрымкі, а, значыцца, пры першае магчымасьці здалі б нас Расеі. Ужо лепей цяперашняя ўлада, чымсьці прыйшоў бы гэты, рука Масквы»...
«А што, гэтыя, якія безьліч гадоў ва ўладе, яны — свае?», — запытаесься ты. «Ну, якія-ніякія, але свае. Беларускія».
Дык а хто пачаў «працэс інтэграцыі» са старэйшай сястрою? Хто ліквідаваў мяжу (калі вы ня памятаеце, да прыходу Лукашэнкі мы мелі дзяржаўную мяжу з Расеяй)?
Хто дэманстратыўна на камэру выкопваў памежныя слупы, маўляў, цяпер — усё, мы — агульная саюзная дзяржава! Хто «адкаціў назад» беларусызацыю ў справаводзтве, і яно зноў зрабілася спрэс рускамоўным?
Хто выкінуў беларускую мову з унівэрсытэтаў і вярнуў расейскую? Хто надаў гэтай мове суседняга народу статус дзяржаўнай (адразу было ясна, што ў постсавецкім абрасеяным грамадзтве пры наяўнасьці дзясяткаў расейскамоўных тэлеканалаў, радыёстанцыяў і іншых масмэдыя у нашай мовы амаль няма шанцаў)? Хто забараняў таленавітыя беларускія кнігі, спэктаклі, музыку, кіно?
Гэта рабіў «засланы расейскі казачок» ці той, каго вы называеце «які-ніякі а свой»? І чаму ён тады «свой», калі ў Беларусі нішчацца любыя беларускія ініцыятывы і выкараняецца ўсё беларускае?
«Ну, таму што, каб быў (была) (тут гучыць прозьвішча колішняга кандыдата (кандыдыткі) на пасаду прэзыдэнта), дык нашыя хлопцы даўно ляжалі б у акопах разам з расейцамі».
Мяне заўсёды захапляе гэтае безапэляцыйнае безумоўнае веданьне таго, што б было, каб... І яны яшчэ скажуць: «Гэтага толькі дурны не зразумее, яно ж абсалютна відавочна».
Дык вось. У гэтай цяперашняй сытуацыі мы апынуліся не таму, што ў 20-м годзе пэўныя сілы паднялі народ (лепей бы ён сядзеў дома, і тады б усё было нармальна, як у 15-м, праўда?), і Лукашэнку нічога не заставалася, як кінуцца па дапамогу да Расеі і цалкам адвярнуцца ад Захаду.
Не. Да гэтае кропкі мы мэтанакіравана йшлі аж з 1994-га, калі маладая беларуская ўлада разьлічвала ўскочыць у крэмль і зрынала ўсе перашкоды на гэтым шляху (праўда, не разьлічыла, што там, у тым крамлі, зьявіцца новая, таксама маладая, улада, якая не саступіць, а, хутчэй, пераўзыйдзе паводле ўзроўню хіжасьці ды падступнасьці беларускую).
А ўсе «лібэралізацыі» і «дэмакратызацыі» — гэта была вымушаная паўза — перасядзець, пакуль зноўку ня зьявіцца магчымасьць ускочыць туды, у «сталіцу нашай родзіны».
Паўза зацягнулася, але й зараз скрозь фірмовы насуплены ўладны позірк чытаюцца думкі: «Ну, добра, калі ня я, дык сынок мой дакладна туды ўскочыць!».
Які сэнс у змаганьні зь іншымі намі?
А мы, замест таго, каб аб’яднацца ды ісьці агульнай калёнай, ад пачатку драбнімся, ваюем паміж сабою: той — паганы, гэты — дрэнны, тая — кепская...
Чырвона-зялёна-капусныя ўлады змагаюцца з Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам, а мы — пад пагоняй і б-ч-б змагаемся зь іншымі намі — таксама з Пагоняй і бел-чырвона-белым... Які ў гэтым сэнс?
Пераможам, а тады дзяліцеся на фракцыі, ініцыятывы, правых, левых, цэнтрыстаў, апазыцыю... І ніхто вас за гэта ня будзе садзіць, пазбаўляць правоў і шэльмаваць.
Пераконвайце народ у сваёй рацыі. Але напачатку трэба перамагчы. Не сваіх апанэнтаў сярод дэмакратычнай апазыцыі, а агульнага ворага. Які ўжо раз заклікаю: давайце сканцэнтруемся на гэтым!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное