Общество

У Малых Сяхновічах знеслі помнік Тадэвушу Касцюшку

У Малых Сяхновічах, якімі род Касцюшкаў валодаў некалькі стагоддзяў, знеслі помнік Тадэвушу Касцюшку.

Помнік быў створаны беларускай скульптаркай Бальбінай Відацкай-Світыч яшчэ ў 1932 годзе і пастаўлены на тэрыторыі былой сядзібы ў 1988 годзе. На здымках з раёнкі за 7 мая 2025 года замест помніка клумба, звяртае ўвагу тэлеграм-канал Спадчына.

«З сайта раённага музея, каля якога стаяў помнік, прыбралі любыя згадкі пра Касцюшку, хоць дзеля ўшанавання яго асобы ён і быў створаны! Была цэлая зала, прысвечаная Касцюшкам, а цяпер няма?

Адзін з самых вядомых у свеце людзей, якіх калі-небудзь нараджала беларуская зямля. Няўжо нехта думае, што зможа праславіць свой край хоць бы на дзясятую долю? Пакуль атрымліваецца толькі ганьбіцца на ўвесь свет».

У маі стала вядома, што пад вёскай Касцюшкава ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці знікла шыльда на памятным камені Тадэвушу Касцюшку.