Пянькоўскі: «Было б добра прапісаць у мірнай дамове стан Беларусі і вывад расійскай ядзернай зброі з нашай краіны»

Амерыканіст Антон Пянькоўскі — пра тое, што мяняе для Беларусі новая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі ЗША.

Паводле новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, Злучаныя Штаты абвяшчаюць сябе лідарам у эканоміцы, вайсковай сферы, тэхналогіях, а таксама галоўнай сілай у заходнім паўшар'і і на Блізкім Усходзе. Таксама Вашынгтон збіраецца ўплываць на стасункі паміж Еўропай і Расіяй.

Якое месца ў гэтых варунках адведзена Беларусі, разважае дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.

— Дакумент вельмі моцна адрозніваецца ад стратэгіі папярэдняй адміністрацыі, прычым у самых галоўных рэчах, — заўважае амерыканіст у эфіры Свабода Premium. — У прыватнасці, узгадваецца, што ЗША цяпер адмаўляюцца ад нейкага экспарту дэмакратычных прынцыпаў у замежныя краіны. На наступныя гады, хутчэй за ўсё, ліберальная дэмакратычная экспансія Штатаў скончылася.

Антон Пянькоўскі

Што канкрэтна да Беларусі, нашая краіна за мінулыя 30 год вельмі няшмат наўпрост згадвалася ў аналагічных дакументах, гаворыць аналітык. А вось у практычным вымярэнні розніца відавочная:

— Калі паглядзець, як змянялася дапамога ў тым ліку дэмакратычным сілам пасля 2020 года і якой яна была раней, як амерыканскі ўрад працаваў з беларускай грамадзянскай супольнасцю — за 2025 год мы ўбачым лічбу каля 800 тысяч даляраў. Што адрозніваецца ад папярэдніх гадоў прыблізна ў 30 разоў (у меншы бок).

То бок, гэты дакумент, які крышку спазніўся і з’явіўся толькі пад канец года, будзе азначаць амаль поўнае скарачэнне праграм міжнароднай дапамогі.

У параўнанні з краінамі Каўказа ці Малдовай, на Беларусь заўсёды выдаткоўвалася не вельмі шмат. Але ўсё ж такі мы як беларускія грамадзяне мусім быць удзячныя амерыканскім падаткаплатнікам і амерыканскай дзяржаве за тое, што яны рабілі хай і абмежаваныя, аднак спробы паспрыяць зменам да лепшага ў беларускай праблематыцы.

Разважаючы пра дыялог цяперашняй амерыканскай адміністрацыі з рэжымам Лукашэнкі і вызваленне палітвязняў з беларускіх вязніц, Антон Пянькоўскі гаворыць, што гэта «пэўная тэма, дзе можна дасягнуць вымяральных, хуткіх і зразумелых вынікаў, якія могуць адчыніць дзверы»:

— Для Злучаных Штатаў у пэўным сэнсе непрымальныя нейкія больш прадметныя размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, пакуль у Беларусі застаецца жудасны гуманітарны крызіс з велічэзнай колькасцю палітвязняў.

Перад тым, як абмяркоўваць у тым ліку рэгіянальную бяспеку, аб чым амерыканскае чынавенства наўпрост казала, трэба зрабіць шэраг маленькіх крокаў, каб зразумець, ці Лукашэнка здольны на крокі насустрач, гатовы на пэўную дээскалацыю.

Зараз мы такіх значных крокаў не бачым. Але ж паступова, маленечкімі крокамі, магчыма, амерыканская дыпламатыя хоча дамагчыся чагосьці больш значнага.

У ідэальным сцэнары было б добра прапісаць у фінальнай мірнай дамове па Украіне стан Беларусі і вывад расійскай ядзернай зброі з нашай краіны (што, дарэчы, заўсёды турбавала ЗША). Але ж уявіць, каб Штаты ў гэтыя дні ў трэк, які, наколькі мы назіраем, вельмі складана ідзе, дадалі яшчэ нейкі пункт, які хутчэй за ўсё будзе непрымальны для Расіі ці яна будзе вельмі доўга абмяркоўваць яго, зацягваючы працэс…

Мы бачым, як спяшаецца Белы дом, як ён хоча, прабачце, «спіхнуць» на еўрапейскіх партнёраў па НАТА вырашэнне такіх закаранелых пытанняў архітэктуры еўрапейскай бяспекі. Ці зробіць гэта <дадаванне пункта пра Беларусь> перамовы прасцей? Безумоўна, не. Ці пойдзе на гэта Белы дом у дадзены момант? На жаль, хутчэй за ўсё, не.