«Праз рэальныя прыклады, гульні, дыскусіі». Ладзіцца летнік для беларускіх падлеткаў у эміграцыі

«Крывічы» аб’яднаюць дзяцей з сем’яў палітвязняў, добраахвотнікаў, грамадскіх актывістаў.

Беларускім падлеткам, якія аказаліся ў выгнанні, даводзіцца нашмат цяжэй, чым дарослым — у іншай краіне, без сяброў і звыклага атачэння, без роднай мовы. Калі пры гэтым нехта з бацькоў у зняволенні альбо на вайне, складанасцяў яшчэ болей.

Каб вярнуць дзецям апору, адчуванне супольнасці і надзеі, дарослыя зладзілі праект «Крывічы» — летнік, у якім можна не проста адпачыць, але засвоіць навыкі бяспекі, атрымаць псіхалагічную дапамогу, навучыцца, як паводзіць сябе ў няпростай сітуацыі, як дзейнічаць, калі побач няма дарослых. А галоўнае — не баяцца.

Як распавёў кіраўнік летніка Уладзімір Лаўранюк, фінансавую, валанцёрскую і інфармацыйную падтрымку ажыццяўляюць супольна фундацыя спорту і адукацыі «Krywiczy», дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» і грамадская арганізацыя «Краіна для жыцця» з падтрымкай прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК.

— У камандзе ёсць інструктары па медыцыне, спорце, турызме, альпінізме, працы з дронамі, спецыялісты ў галіне права, экалогіі, гісторыі і культуры. Мы набіралі тых, хто можа быць прыкладам для падлеткаў , каму можна даверыцца. І хто ўмее гаварыць проста, без пафасу, — зазначае Уладзімір Лаўранюк. — Будзе курс па кібербяспецы — дзеці навучацца, як не стаць ахвярай маніпуляцый у інтэрнэце, як абараняць сябе і сваіх.

Усё гэта — праз рэальныя прыклады, гульні, дыскусіі. Мы хочам, каб яны маглі самі думаць, а не проста спажываць інфармацыю.

У жніўні бягучага года плануецца правесці двухтыднёвую змену для 30 беларускіх падлеткаў з сем’яў палітвязняў, добраахвотнікаў, валанцёраў і грамадзянскіх актывістаў. Ужо гатовыя каманда, праграма, месца. Летнік «Крывічы» адбудзецца за межамі Беларусі (дакладнае месца не называецца з меркаванняў бяспекі).

Большасць выдаткаў на арганізацыю пакрые Міжнародны гуманітарны фонд, які вылучыў на гэтыя мэты 12 тысяч еўра. Але патрэбная і дапамога беларусаў — засталося сабраць 10905 еўра, каб летнік дакладна адбыўся.

Падтрымаць праект можна тут — безумоўна, калі для вас гэта бяспечна.

З удзячнасцю прымаецца і дапамога тых, хто гатовы далучыцца як валанцёр: інструктары, псіхолагі, перакладчыкі, лагісты. Важныя кожная пара рук, кожны рэпост і кожнае ахвяраванне — маленькай дапамогі не бывае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)