Комментарии

Вераніка Бялова

«Падавалася, што рэжыму пляваць на беларускую мову? Дык не, зусім не пляваць. Заўважылі!»

Хапун беларускай інтэлігенцыі напярэдадні Дня роднай мовы — як яшчэ лепей паказаць стаўленне да нацыянальнай культуры?

21 лютага беларусы адзначаюць Дзень роднай мовы, праводзяцца дыктоўкі, ладзяцца імпрэзы. Большасць, праўда, за межамі краіны. І вось навіна з родных абшараў — у Мінску адбыліся масавыя арышты выдаўцоў і кнігагандляроў.

Улады заўважылі свята і з усёй цынічнасцю «павіншавалі» беларусаў.

Тое, што гэта не выпадковасць, можна нават не сумнявацца. Сярод затрыманых на гэтым тыдні быў таксама Андрэй Кім, стваральнік праекту «Кінаконг». Праект займаўся прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў на беларускую мову і рабіў сусветнае кіно даступным па-беларуску.

Супадзенне? Наўрад ці. Нам увесь час падавалася, што ўладам пляваць на беларускую мову і культуру з высокай расейскай званіцы. Дык не, высветлілася, што зусім не пляваць. Яны таксама рыхтавалі «адзначыць» свята належным чынам. Як умеюць — арыштамі, рэпрэсіямі, ціскам.

Беларусам паказалі, што значыць «любіць сваё». І гэта зрабілі не нейкія замежныя захопнікі і нават не па ўказцы аднекуль з Крамля. Антыбеларуская ўлада сама, уласнаручна вынішчае, вырывае ўсё жывое, што спрабуе прарасці на нацыянальнай глебе.

І калі вам раптам пачне падавацца, што рэжым кудысьці там разварочваецца, спрабуючы знайсці спосабы захаваць Беларусь незалежнай, варта помніць, што не Беларусь яны захоўваюць. Для іх гэтае слова не значыць нічога, акрамя месца дыслакацыі. А родная мова патрэбная толькі як інструмент для абразы тых, хто з гэтым не згодны, і як падстава для рэпрэсій.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)