Пагадзіцца з наяўнасьцю на чале Беларусі таго, хто не дазволіў бы гэтаму пляну рэалізавацца, было ня ў інтарэсах Масквы. Адмовіцца ж ад умяшаньня ў справы Беларусі Крэмль мог бы толькі ў выпадку цьвёрдай пазыцыі Захаду. Прычым пазыцыі, падмацаванай дзеяньнямі. А якой яна была ў Брусэля і Вашынгтона мы, на жаль, ведаем.
Навумчык: «Мы не павінны мець ілюзіяў наконт дзеяньняў Пуціна, калі б пратэст у 2020-м скончыўся перамогай»
Палітычны аглядальнік — пра ўрокі, якія забываюцца няхутка, і перамогу, якая абавязкова будзе.
— У 2020-м моладзь усё рабіла правільна, — лічыць Сяргей Навумчык. — Гэтыя радкі я пішу, вярнуўшыся з прэзэнтацыі кнігі «Няскоранае пакаленьне» — эсэ маладых беларусаў, удзельнікаў пратэстаў 2020-га.
На вуліцах Прагі сёньня шмат маладых са стужкамі ў колеры чэскага сьцяга — Міжнародны дзень студэнта сумяшчаецца з дзяржаўным сьвятам у гонар «аксамітнай рэвалюцыі» 1989-га (якая і пачалася са студэнцкіх пратэстаў).
У размове з адной з аўтарак кнігі, чый шчымлівы аповед пра страту падчас зьняволеньня любімых бабулі і дзядулі прагучаў на прэзэнтацыі, пачуў: чаму ж у чэхаў у свой час атрымалася, а ў нас, беларусаў — не?
Падобнае пытаньне мы задаем сабе ўсе апошнія гады. І забываемся пра адну істотную акалічнасьць.
А менавіта: кіраўнікі Чэхаславаччыны, Польшчы, ГДР, іншых сацыялістычных краінаў у канцы 1980-х былі пазбаўленыя падтрымкі Масквы. Сілавой падтрымкі.
Гарбачоў тады заявіў, што пры вернасьці ідэям марксізму-ленінізму, вернасьць гэтая ня будзе падмацаваная савецкімі дывізіямі. І таварышам давядзецца быць са сваімі народамі сам-насам. Слова сваё Гарбачоў стрымаў: ніводзін савецкі танк (а іх на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы былі тысячы) ня выйшаў з боксаў, ніводзін дэсантны батальён не абрынуўся на пражанаў ці варшавянаў.
Няма сумневу: калі б Андропаў не памёр і заставаўся б на чале СССР, ён бы зрабіў у Празе 1989-га тое, што зрабіў у ёй Брэжнеў у 1968-м. Зрэшты, і сам Андропаў (у якасьці савецкага амбасадара) меў досьвед падаўленьня народнага паўстаньня ў Будапэшце ў 1956-м. Ня мела шанцаў на перамогу ў пачатку 1980-х і польская «Салідарнасьць» — Крэмль быў гатовы прымяніць войскі, калі б Ярузэльскі ня справіўся ўласнымі сіламі.
Як бы непрыемна тое не было, мы не павінны мець ілюзіяў наконт дзеяньняў Пуціна, калі б пратэст у 2020-м скончыўся перамогай. Гэта была б вельмі нядоўгая перамога — на некалькі дзён, калі не гадзінаў.
Да 24 лютага 2022-га можна было дыскутаваць на гэтую тэму, але напад на Ўкраіну ніякіх варыянтаў не пакінуў. Калі ў жніўні 2020-га на вуліцы беларускіх гарадоў выходзілі тысячы пратэстоўцаў, у сэйфах маскоўскага Генштабу ляжаў плян агрэсіі, і ў ім галоўны ўдар — на Кіеў — наносіўся, як мы цяпер ведаем, з тэрыторыі Беларусі.
Ці азначае гэта, што ўсе тыя пакуты, якія спазнала і спазнае моладзь і на Радзіме, і ў эміграцыі — бессэнсоўныя?
А ні ў якім разе.
Ці ня ўпершыню на памяці цяпер жывучых пакаленьняў беларусаў быў атрыманы ўрок, што разьлічваць на дапамогу Расеі — ілюзорна. Усё ж, сумнавядомае «начное пагадненьне» 1996-га, калі пры падтрымцы Крамля быў сарваны, здавалася, непазьбежны імпічмэнт Лукашэнку, падпісвалася і ў прамым, і ў пераносным сэнсах, за зачыненымі дзьвярыма. Ды і цікаўнасьць палітыкай у людзей была невялікай.
А ў 2020-м сотні тысяч пратэстоўцаў пачулі з Крамля падтрымку рэпрэсіям супраць іх. Такія ўрокі забываюцца ня хутка, яны перадаюцца праз пакаленьні, і абавязкова адыгрываюць сваю ролю ў будучыні.
І ня менш важнае. Моладзь (ня толькі яна, канешне, але яна — найперш) паказала сьвету, які ўжо быў гатовы ставіць на Беларусі крыж, што беларускі народ прагне свабоды і плоціць сваю цану, ніяк ня меншую, чым у свой час заплацілі іншыя народы, за права вырвацца з акупацыі і вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю.
І ў беларускай моладзі будзе свая перамога.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное