Маціеўская: Сітуацыя з атрыманнем міжнароднай абароны ў Еўрасаюзе для беларусаў пагаршаецца
Юрыстка, сузаснавальніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская ў каментары Филину — пра тое, як змянілася сітуацыя з атрыманнем міжнароднай абароны для беларусаў.
Беларусы працягваюць з’язджаць з радзімы, дзе не спыняюцца рэпрэсіі, і шукаць бяспекі і абароны ў іншых краінах. Нядаўна стала вядома, што з пачатку 2025 года міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі каля тысячы нашых суайчыннікаў, 70 заяўнікам у гэтым адмовілі.
Пры гэтым летась станоўчыя рашэнні па міжнароднай абароне ў Польшчы атрымалі 2,6 тысяч грамадзян Беларусі, у 2023 годзе — 2,9 тысячы. Практыка адмоў, зазначаюць праваабаронцы, стала больш частай.
Акрамя таго, па Дублінскім рэгламенце некаторых беларусаў могуць перанакіраваць у тую краіну, па візе якой людзі трапілі ў Еўрасаюз. Падобную гісторыю распавяла «Салідарнасці» былая палітзняволеная Таццяна Купчына.
Ускладнілася сітуацыя з атрыманнем уцякацтва для беларусаў і ў Літве. Так, на слыху кейс экс-каліноўца Васіля Верамейчыка, якому Літва адмовіла ў прытулку — і пазней беларускія ўлады дабіліся ягонай экстрадыцыі з В’етнама, куды з’ехаў беларус.
Між тым, паведамленні аб прызнанні беларусаў «пагрозай нацбяспекі», як і ініцыятывы прыраўняць грамадзян Беларусі да расейцаў, зрабіць патрабаванні больш жорсткімі, з’яўляюцца ў інфапрасторы рэгулярна.
Вельмі складана з легалізацыяй беларусаў, нават тых, хто служыў у ЗСУ, ва Украіне. У Грузіі ж за апошнія пяць год беларусы не атрымалі наогул ніводнага станоўчага рашэння аб міжнароднай абароне. Днямі ў аднаго з нашых землякоў нават адмовіліся прыняць заяву ў дэпартаменце міграцыі, а яго самога арыштавалі на тры месяцы.
У які бок змяняецца сітуацыя, дзе беларусам наогул не варта разлічваць на абарону і ці часта ўдаецца перамагчы бюракратычную сістэму, Филин распытаў польскую юрыстку, сузаснавальніцу ініцыятывы Partyzanka Ганну Маціеўскую.
Ганна Маціеўская
— Пагаджуся з тым, што сітуацыя з атрыманнем абароны ў Еўрасаюзе для беларусаў пагаршаецца, — зазначае наша суразмоўніца.
Ганна Маціеўская дадае некалькі важных нюансаў. Калі па Дублінскім пагадненні, напрыклад, Польшча не бярэ да разгляду справу аб уцякацтве — фармальна гэта не адмова ва ўцякацтве, справа проста зачыняецца і перадаецца іншай краіне ЕС.
На жаль, колькасць такіх рашэнняў за апошні год міграцыйныя службы не ўдакладняюць, але юрыстка зазначае, што мае на руках ужо два дзясяткі падобных выпадкаў, і раней такой колькасці не было.
Другі момант: раней беларусы маглі атрымаць працоўную візу іншай краіны, з ёй — польскі ВНЖ па працы, а ўжо з гэтым дакументам падавацца на міжнародную абарону. Цяпер гэта, наадварот, стала пасткай.
Атрымаць польскую візу, асабліва гуманітарную, беларусам амаль немагчыма, а ў іншых еўрапейскіх краінах, нават з іхняй лакальнай візай, не выпадае разлічваць на атрыманне ўцякацтва (прыкладам, у Нямеччыне станоўчых рашэнняў — каля 30%).
— Беларусы пераважна не хочуць сядзець на «сацыяле», хочуць інтэгравацца, ісці да працы і як хутчэй станавіцца на ногі. А па ўмовах aisle, уцякацтва, трэба жыць у закрытых лагерах для ўцекачоў і працаваць немагчыма, — кажа юрыстка.
Яна дадае, што колькасць адмоў ва ўцякацтве павялічваецца ў тым ліку ў Польшчы. Прычым нярэдка падставай для адмовы становяцца адміністрацыйныя правапарушэнні, якія раней не былі перашкодай — наяўнасць наркатычных сродкаў больш, чым для прыватнага карыстання, альбо перавышэнне хуткасці аўто ў жылой забудове.
Таксама з адмовамі сутыкаюцца блізкія актывістаў — перадусім бацькі ці дзеці, — у якіх няма «жалезабятонных» доказаў палітычнага пераследу ў Беларусі. Самастойна даць рады тут бывае цяжка, і юрыстка раіць адразу звяртацца па прафесійную дапамогу.
Паводле статыстыкі ЕС, колькасць заяў ад беларусаў на атрыманне міжнароднай абароны за год знізілася прыкладна на 40%.
Гэта даволі цікавы факт, улічваючы, што рэпрэсіі не спыняюцца, што людзі працягваюць з’язджаць, прыкладна палова палітвязняў, якія выходзяць на волю, пакідаюць краіну.
Пра што тады сведчыць статыстыка? Магчыма, пра тое, што людзі шукаюць іншыя шляхі легалізацыі, чым міжнародная ахова. Бо яны не заўсёды могуць паказаць сітуацыю, што ім пагражае небяспека ў Беларусі — а ў лакальнай міграцыі можа не быць дастаткова разумення пра рэальны стан спраў у Беларусі. І гэта таксама стварае юрыдычную пастку.
Тым, хто не падаўся на ўцякацтва адразу, амаль напэўна зададуць у міграцыйнай службе непрыемныя пытанні, чаму так адбылося. У Польшчы ўдалося на палітычным узроўні патлумачыць, што частка беларусаў даведваецца пра пераслед, калі ўжо знаходзіцца па-за межамі краіны, і не мае прамых доказаў рэпрэсій — але не ва ўсіх краінах зважаюць і разумеюць беларускі кантэкст.
Калі ж віза скончылася, а міжнароднай аховы чалавек не атрымаў — у многіх можа не быць іншага выйсця, як пакінуць тэрыторыю ЕC. Для тых, хто засвяціўся ў пратэстах, гэта рызыкі быць затрыманымі праз міждзяржаўны вышук у той жа Грузіі альбо Арменіі.
— Ці ёсць станоўчыя выпадкі, калі атрымалася «пабадацца» з бюракратыяй і дабіцца адмены негатыўных рашэнняў?
— Калі мы кажам пра гэты год, ёсць некалькі пазітыўных кейсаў.
Першы звязаны з прымяненнем Дублінскага пагаднення, тая пастка, пра якую мы казалі. Былі дзве адмовы ў адміністрацыйных інстанцыях, а ўжо на судовым этапе суд прызнаў нашую рацыю і справа была выйграная. Бо ў заяўніцы быў фінскі ВНЖ, але ён быў звязаны з папярэднім шлюбам, і больш ніякай сувязі з гэтай краінай яна не мела. Пры тым яна была ў базе вышуку ў Беларусі і РФ, і мы здолелі адбіць справу, пацвердзіць небяспеку для беларускі і заблакаваць перадачу справы ў Фінляндыю.
Другі выпадак — аднаго з чальцоў сям’і прызналі «пагрозай нацбяспецы» ў Літве, ён атрымаў там адмову ў прытулку. Сям’я пераехала ў Польшчу, падала заяву на міжнародную ахову. Першая інстанцыя адфутболіла іх назад па Дублінскім пагадненні, але ў другой — мы прывялі шмат парушэнняў і нацыянальнага, і міжнароднага заканадаўства і практыкі. Гэта, можа, яшчэ не канчатковая перамога, але мы адбілі рызыку дэпартацыі чалавека ў Беларусь.
І трэці кейс, якім я персанальна ганаруся — рашэнне датычна беларускага актывіста, якому адмовілі ў прытулку ў Літве, і ён выехаў у Грузію, а потым вырашыў складаць заяву ў Польшчы. І ўжо калі ехаў да Варшавы, даведаўся, што фігуруе ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме SIS, то бок, мае па сутнасці забарону на знаходжанне ў ЕС. Польскія памежнікі змясцілі яго ў лагер зачыненага тыпу.
На гэтым этапе якраз я далучылася да справы, мы прайшлі даволі жорсткае інтэрв’ю — і нам удалося даказаць, што з’явіліся новыя абставіны, і ў першай інстанцыі атрымаць для яго пазітыўнае рашэнне, нягледзячы на «пагрозу нацбяспекі» ў Літве і адмову ва ўцякацтве там.
— Рэзюмуючы — калі ёсць сумневы і няма стоадсоткавых доказаў, беларусам, якія ўцякаюць ад пераследу, лепш ад пачатку звяртацца да юрыстаў а не чакаць, пакуль сітуацыя стане крытычнай?
— Так. Ужо, на жаль, складана даваць генеральныя рэкамендацыі для ўсіх, усё больш ёсць патрэба ў індывідуальным кансультаванні з мясцовымі юрыстамі. Асабліва калі гэта краіны, дзе ў беларусаў няшмат напрацовак з атрыманнем прытулку, кшталту Іспаніі, Партугаліі або Даніі. Каб вам не сказалі: вы ж ужо адсядзелі як палітвязень, значыць, цяпер вам нічога ў Беларусі не пагражае.
Другая рэкамендацыя — на легалізацыю сёння трэба ўсё больш глядзець з перспектывы доўгатэрміновай.
Не толькі як заехаць у краіну, але і якія ў вас там шансы на тое, каб атрымаць міжнародную ахову, ці працоўны або бізнес-ВНЖ як прамежкавы этап. Каб не давялося вяртацца ў трэція краіны і там ужо даведацца, што вы ў базе вышуку.
Плюс важна, з улікам пашпартоў, якія беларусы не могуць падоўжыць за мяжой, ці выдае канкрэтная еўрапейская краіна трэвел-дакумент (і ці проста яго атрымаць, альбо ёсць складанасці), каб не застацца без дзейных дакументаў наогул.
І таксама пытанне атрыманне грамадзянства. У Літве на сёння з гэтым вялікія абмежаванні, у Польшчы няма замінкі з тым, каб мець грамадзянства абедзвюх краін.
Грузія — асабістая балячка, я заўсёды раю з’язджаць адтуль у Еўропу, не чакаючы заканчэння пашпарту і адмовы ў абароне. На перспектыву вашай легалізацыі і абароны правоў у доўгатэрміновай перспектыве гэта вельмі важна.