Лябедзька: «Пуцін мае аднолькавыя мэты і ва Украіне, і ў Беларусі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў, як Крэмль рэалізуе план анексіі Беларусі.

— Пуцін мае аднолькавыя мэты і ва Украіне, і ў Беларусі. Ён не глядзіць на нашы краіны як незалежныя, свабодныя, самадастатковыя, — адзначае Лябедзька. Для яго гэта тэрыторыя, на якой мусіць дамінаваць «рускі свет».

Анатоль Лябедзька

Для рэалізацыі сваёй мэты Пуцін абраў розныя стратэгіі: ва Украіне — адкрытая ваенная агрэсія, Беларусь — паглынанне праз паўзучую анексію. Якія прыкметы, што план Пуціна рэалізуецца? Беларусь мае 100% залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў, гэта значыць, што няма энергетычнай бяспекі.

Другое — калі правіцель нават па паездках у Афрыку кансультуецца з Пуціным, значыць, не існуе самастойнай незалежнай палітыкі.

Трэцяе — калі Пуцін у адпаведнасці з дамовай атрымоўвае права ўводзіць свае войскі ў Беларусь, значыць, ён вызначае, каму тут правіць і на якіх умовах.