Общество

Ірына Дрозд

«Літар у беларускай мове ўсяго 32, у той час як кітайскіх іерогліфаў больш за 2000»

Савецкія міфы, дыскрымінацыя мовы, перакуры на працы і, канешне, дранікі. Кітайскі даследчык расказаў «Салідарнасці», з якімі цяжкасцямі вывучаў беларускую мову і з чым сутыкнуўся ў Беларусі.

Гэты 28-гадовы малады чалавек называе сябе беларускамоўным кітайцам. Насамрэч ён з'яўляецца магістрам беларускай філалогіі.

У 2019 годзе ён упершыню апынуўся ў Беларусі. Ехаў мэтанакіравана вывучаць беларускую мову, на якой сёння не толькі свабодна размаўляе, але і вядзе канал у Інстаграме.

Валянцін — такое мясцовае імя абраў сабе кітайскі хлопец — падзяліўся з «Салідарнасцю» ўражаннямі пра нашу краіну, а таксама расказаў, якой яе бачаць замежныя турысты і як сам у Беларусі сутыкнуўся з дыскрымінацыяй мовы.

«Хацелася даведацца, у чым адметнасць Беларусі»

— Я ў курсе таго, што адбываецца ў Беларусі, — адразу кажа Валянцін, даведаўшыся пра наша выданне, якое вымушана працуе з-за мяжы. — Так склалася, што падзеі 2020 года я бачыў на ўласныя вочы і зразумеў, што ўсё гэта адрозніваецца ад таго, што расказваюць пра Беларусь у Кітаі.

Насамрэч я даўно ведаў, што ёсць такая краіна, трапіў неяк на яе на мапе. Мне стала цікава, як маленькая Беларусь знаходзіцца побач з вялікай Расіяй і лічыць сябе незалежнай. Хацелася даведацца, у чым яе адметнасць, як праяўляецца гэтая незалежнасць.

І мовай цікавіцца я пачаў да таго, як трапіў у Беларусь. У Пекінскім універсітэце замежных моваў я вывучаў расейскую. Раптам у нас адкрыўся факультатыў беларускай мовы.

Я запісаўся і два семестры яго наведваў. Менавіта там спазнаў асновы. І ўсё ж заняткі не былі сістэматычнымі, бо гэта быў толькі факультатыў, а я зразумеў, што мне хочацца больш.

І таму, калі на 4 курсе жадаючым прапанавалі паехаць павучыцца ў Беларусь, я, канешне, пагадзіўся. Так у 2019 годзе я трапіў у БДУ на факультэт філалогіі.

Псеўданім Валянцін малады чалавек узяў яшчэ на першым курсе ў Пекінскім універсітэце.

— Мяне завуць Сюй Байлун. А імя Валянцін я абраў выпадкова, бо маім выкладчыкам на першым курсе быў украінец, які не ведаў кітайскай мовы, і мы ўсе тады прыдумалі сабе псеўданімы, каб было больш зручна.

Але пасля я так прывык да імя Валянцін, што сапраўды лічу яго сваім другім. Асабліва зараз, калі жыву ў Еўропе.

Цяпер Валянцін вывучае ўкраінскую філалогію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.

— Колькі вы наогул моў ведаеце?

— Расейскую, беларускую, украінскую, польскую і кітайскую. Сапраўды гаварыць на гэтых мовах для мяне вельмі цяжка, бо і вымаўленне іншае, і логіка іншая, і сказы будуюцца іначай, чым у кітайскай мове.

— Вы казалі, што беларуская мова цяжэйшая за польскую?

— Так, з-за націскаў. У Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, націск у кожным слове ставіцца па-рознаму. Я нават і сёння не магу правільна размаўляць па-беларуску, заўсёды мушу задумвацца і пра націск, і пра тое, у якім склоне стаіць кожнае слова, якую форму мае дзеяслоў.

Заўсёды баюся пераблытаць гэтыя «рабіць» і «зрабіць», закончанае трыванне і незакончанае. Нічога такога няма ў кітайскай мове.

А вось напісанне асабіста для мяне адносна лягчэйшае, таму што літар у беларускай мове ўсяго толькі 32, у той час як кітайскіх іерогліфаў больш за 2000.

— Іншаземцы часта скардзяцца на нашыя літары «дз» і «дж» і адпаведныя гукі.

—  Гэтыя два гукі прысутнічаюць таксама ў кітайскай, таму для мяне гэтыя літары і гукі як раз былі не вельмі цяжкімі. А вось гук «г» доўга не мог вымаўляць, таму што ў кітайскай мове ёсць толькі гук «х», яны падобныя, і я спачатку на слых не чуў розніцы. Але зараз з гэтымі гукамі ў мяне ўжо ўсё добра.

«Некаторыя выкладчыкі проста прынцыпова не дазвалялі выконваць заданні па-беларуску»

— Ці спадабалася вам вучыцца ў Беларусі?

— Шчыра кажучы, мне не вельмі падабалася стаўленне да беларускай мовы. Крыху напружвалі адносіны некаторых педагогаў да замежнікаў, такіх як я, якія хочуць даведацца больш пра мову, пра культуру.

Напрыклад, я абраў для напісання дыпломнай работы кафедру беларускага мовазнаўства. Але ў мяне на пачатку навучання амаль не было спецыялізаваных прадметаў па беларускім мовазнаўстве. Я вельмі доўга намагаўся, каб мне ўрэшце далі нейкія гадзіны.

Да таго ж, усе дамашнія працы прасілі пісаць на расейскай мове. Некаторыя выкладчыкі проста прынцыпова не дазвалялі выконваць заданні па-беларуску.

Гэта вельмі вялікі кантраст з навучаннем у Польшчы, дзе я знаходжуся зараз. Палякі зусім па-іншаму ставяцца да сваёй мовы.

З Беларусі малады чалавек з’ехаў пасля заканчэння магістратуры ў 2021 годзе. Навучанне хацеў працягваць ва Украіне, але вайна парушыла гэтыя планы.

— Два гады я заставаўся дома ў Кітаі, але разумеў, што мая прафесія, мой галоўны занятак звязаны са славянскімі мовамі. У Кітаі магчымасці практыкаваць гэтыя мовы ў мяне не было. Але ж я столькі вучыўся, які тады сэнс у маёй адукацыі, маёй справе?

Таму і вырашыў перабрацца сюды бліжэй. Гэта той рэгіён, якім я вельмі цікаўлюся, усім — і культурай, і жыццём. Мне падабаецца славянская атмасфера.

І Польшча аказалася хіба адзіным варыянтам, які для мяне застаўся, каб тут апынуцца зноў.

— А што вы думаеце пра вайну, якая зараз ідзе ў гэтым рэгіёне?

Мяркую, што мае думкі супадаюць з думкамі ўсіх украінцаў і нармальных беларусаў. Так склалася, што ва Украіне я быў яшчэ раней, да Беларусі. Бачыў, якая гэта цудоўная краіна, і ведаю, што ніякія ворагі там па вуліцах не хадзілі.

Дарэчы, Валянцін некалькі разоў падчас гутаркі падкрэслівае, што і Украіна, і Беларусь — незалежныя дзяржавы. І яго ўсведамленню нельга не аддаць належнае, бо нават у заходніх краінах не ўсе разумеюць кантэкст таго, што адбываецца.

— У маім атачэнні, на жаль, шмат тых, хто дагэтуль лічыць, што Беларусь — гэта нейкі рэгіён Расеі, яе частка.

Шкада, што нават калі пачынаю іх пераконваць, такія людзі не хочуць чуць маё меркаванне. Яны і думкі не дапускаюць, што Беларусь — самастойная, незалежная краіна.

Сам Валянцін прызнаецца, што напачатку меў вельмі агульнае ўяўленне пра Беларусь, амаль цалкам складзенае з вядомых стэрэатыпаў — «вайна, хрушчоўкі, Савецкі Саюз». Разабрацца з нашымі каштоўнасцямі ды гісторыяй яму дапамаглі кнігі.

— Гэта вельмі распаўсюджаныя стэрэатыпы пра вашу краіну ў замежнікаў. Зараз шмат кітайцаў хочуць з’ездзіць у Беларусь, каб убачыць савецкую спадчыну, бо для іх гэта нейкая экзотыка.

Але мяне гэта ўжо не прываблівае. Таму што я даведаўся, што такія ўяўленні пра Беларусь штучныя, не аўтэнтычныя. Насамрэч Беларусь не такая.

Мае стаўленне да вашай краіны цалкам змянілася пасля таго, як я прачытаў кнігу Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Яна мяне вельмі ўразіла.

Я адчуў у гэтай кнізе зусім іншую атмасферу. Даведаўся пра ўтоеную ў стагоддзях старажытную шляхецкую культуру. Пасля акупацыі Расійская імперыяй Беларусі яна была забаронена.

Мяне вельмі здзівіла гэта. Я быццам убачыў зусім іншыя традыцыі, уклад жыцця.

Яшчэ я чытаў «Паўлінку» Янкі Купалы. Вельмі спадабалася. А колькі там беларускіх цудоўных выразаў, фразеалагізмаў — гэта проста моўны скарб.

Пасля глядзеў анлайн-пастаноўку «Капалаўцаў» і мне таксама вельмі спадабалася.

— На сваім канале вы паказвалі і кнігу «Мова 404».

— Яе я таксама прачытаў і магу пацвердзіць, бо, як казаў, сутыкнуўся асабіста з праблемай дыскрымінацыі беларускай мовы. Але ведаю, што самі беларусы пакутуюць ад гэтага значна больш. Тое, што адбываецца з імі праз моўную праблему, куды больш жорсткія рэчы, чым тое, што было са мной.

«Маім адкрыццём былі марынаваныя памідоры»

Распавядаючы пра свае ўражанні ад Беларусі і беларусаў на сваім канале, Валянцін асобна спыняецца на тэме ежы. Ён здзіўляе, калі ў ліку прадуктаў, якія не кожны кітаец адважыцца пакаштаваць другі раз, называе, можна сказаць, асноўныя нацыянальныя прадукты:

— Гэта, напрыклад, смятана і квас. Мае калегі з Кітаю лічаць смятану вельмі кіслай. А квас параўноўваюць з соевым соўсам, таму ім незразумела, чаму яго п’юць кубкамі.

Кітайцы не любяць вішні. Яны растуць у нас таксама, але ў ежу мы гэтую ягаду не ўжываем. Дакладна не робім «варэнікаў» ані з вішняй, ані з суніцамі, ані з іншымі ягадамі.

У нас ёсць страва, падобная да вашых пельменяў з мясам ці з чымсьці салёным, але ніякіх салодкіх няма. Гэта быў проста культурны шок.

— Ці спрабавалі вы сала і як да яго адносіцеся?

— Асабіста я ем сала, бо шмат часу жыў у Беларусі, быў ва Украіне, дзе дарэчы і пакаштаваў яго ўпершыню. Але большасць кітайцаў не разумее гэтага смаку. Бо ў нас не ядуць сырую свініну, толькі вараную.

А вось алкагольныя напоі ў Беларусі больш смачныя. Мне вельмі падабалася настойка з вішняй. Вашы дранікі я нават навучыўся гатаваць, нягледзячы на тое, як цяжка драць тую бульбу. Часам гэта заканчвалася траўмай.

Яшчэ маім адкрыццём былі марынаваныя памідоры. Купляў іх у супермаркеце на Нямізе. Нічога падобнага ніколі не еў, гэта дужа смачна.

— Ці ведаеце вы, што ў беларусаў, асабліва на вёсцы, ёсць традыцыя рабіць закаткі з гародніны, і дамашнія памідоры атрымліваюцца значна лепшымі, чым з супермаркету?

— У Кітаі не робяць закаткі, няма такога. Пра беларусаў чуў, але самому не давялося пакаштаваць. Наогул пабываць у вашых вёсках я не змог, паколькі пачалася пандэмія і я нікуды не ездзіў.

Шкадую, што нават па Мінску мала шпацыраваў, бо шмат вучыўся. Таму аднойчы я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, каб павандраваць.

Сярод асаблівасцяў, на якія малады чалавек звярнуў увагу ў нашай краіне, ён назваў нязвыклыя адносіны да працы, перапынкі ва ўстановах:

— Мне здавалася, што беларусы не цалкам засяроджаны на працы, бо могуць дазволіць сабе нейкую асабістую размову па тэлефоне ці перакур.

Можа, гэта ад таго, што беларусы наогул адпачываюць менш, чым кітайцы ці, напрыклад, палякі. Таксама я жыў год у Маскве, дзе на працягу года заняткі пастаянна перапынялі нейкія святы. У вас жа святаў з выходнымі вельмі мала.

Яшчэ ў вашых установах убачыў шыльдачку з надпісам «перапынак». У Кітаі такое немагчыма. Гэта, відаць, добра для супрацоўнікаў, але калі табе трэба вырашыць нейкую справу і даводзіцца чакаць, было нязручна.

Здзівіла, што на перапынак супрацоўнік можа сысці, нават калі да яго стаіць чарга.

І ўсё ж ад саміх беларусаў у мяне засталіся самыя прыемныя пачуцці. Мне падабаецца тое, што вы вельмі адкрытыя, эмацыйныя. Гэта адрознівае вас ад кітайцаў. Беларусы больш простыя ў стасунках, пазітыўныя.

Узгадаў, што ў Кітаі людзі вельмі павольна знаёмяцца, нават пасля некалькіх сустрэч могуць не ведаць імя адзін аднаго.

А беларусы вельмі хутка ўсталёўваюць адносіны паміж сабою, пасля першага спаткання ўсе ўжо знаёмыя, разгаварыліся. Думаю, што ў пэўным сэнсе гэта і праяўленне вашай беларускай салідарнасці. І яно мяне прыемна здзіўляе.

Цяпер у Кракаве я люблю хадзіць на мерапрыемствы беларускай суполкі. Мяне там прымаюць як свайго. Гэта вельмі цешыць. Наогул, колькі б я не звяртаўся да беларусаў, ніколі не сутыкаўся з негатыўнай рэакцыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)