Общество

Курс: «Калі толькі зьнікне гэты рэпрэсіўны прэс, то пратэст будзе яшчэ мацнейшы, чым у 2020 годзе»

Радыё Свабода пагутарыла зь пісьменьніцай Сьвятланай Курс (Евай Вежнавец) пра цуды на Каляды, пра тое, што баліць, пра што ня варта пытацца і як анкалягічны дыягназ уплывае на жыцьцё і творчасьць.

Сьвятлана Курс

«Я навучылася прасіць»

— Ты атрымала вялізарную падтрымку ад беларусаў, калі паведаміла ў сацыяльных сетках пра анкалягічны дыягназ і што табе патрэбная дапамога. Як анкалягічны дыягназ зьмяніў твой погляд на сьвет, на людзей?

— Цалкам зьмяніў. Я яшчэ ня ўсё ўразумела. Увогуле я цяпер цалкам іншы чалавек. Тым больш што гэта такі дыягназ, які застаецца адкрытым.

Я магу вельмі хутка памерці, бо мой тып раку не паддаецца часамі лячэньню. На жаль, ён мае вельмі вялікі працэнт вяртаньня. Прыкладна 75%. Таму я асабліва ня бачу пэрспэктывы.

Мне даводзіцца жыць сёньняшнім, заўтрашнім, пасьлязаўтрашнім днём. Гэта дастаткова складана. Я навучылася прасіць, што для мяне было вельмі цяжка. Цяпер я ўмею прасіць. І натуральна, што некаторыя рэчы набылі для мяне і больш важнае значэньне.

Гэта невялікія рэчы, у асноўным жыцьцёвая рутына. Але я табе шчыра скажу, што страшэнна стамілася. Я ведаю, што людзі змагаюцца з ракам дзесяцігодзьдзямі, а ў мяне толькі, можна сказаць, сем месяцаў. Я сябе адчуваю часам такой падаўленай, што проста ў мяне няма ні на што ні сіл, ні ахвоты, нішто ня радуе. Але потым прыходзіць новы дзень, ты зноў хочаш жыць.

— Ты казала, што навучылася жыць сёньняшнім днём і бачыць радасьць і сэнс у рутыне. А што дае радасьць, што дае гэтае адчуваньне дня? Напрыклад, цяпер, калі мы размаўляем.

— Вось я каву ўзяла, размаўляючы з табой... Я цяпер адпавядаю большасьці маладых людзей, як яны апісваюцца ў сацсетках. Я чытаю, што ў іх модна, напрыклад, гніеньне ў ложку. Нават ангельскі тэрмін ёсьць. Я вельмі люблю цяпер спаць у ложку.

Другі ёсьць такі трэнд, калі робяць ложак-гняздо пры дапамозе вялікіх, доўгіх і малых падушак і сьпяць там з усімі катамі сваімі і сабакамі. Я раблю тое ж самае, гэта для мяне найвялікшая радасьць. А таксама чытаньне.

Толькі ежа ў мяне выпала, я не магу есьці. Мне там перакалацілі ўсе кішкі са страўнікам, і мне нішто не прыносіць цяпер радасьці, толькі вось кава, бо яна робіць мяне больш бадзёрай, а цукру мне цяпер нельга.

Увогуле чалавек — гэта такая студня і капальня, што ён сабе радасьці знойдзе ва ўсім. Зараз я вельмі хачу паехаць у цэнтар Варшавы і паглядзець на калядныя ўпрыгожаньні. Я жыву разам з усімі людзьмі, адчуваю тое, што іншыя людзі і мае сучасьнікі.

Людзі так баяцца вайны і, жывучы ў гэтай тэме, яны ўсё пышней і пышней стараюцца ўпрыгожваць каляды ваенныя.

Я раней думала, як гэта ў Рэмарка ці ў іншых вайсковых успамінах — пра Варшаўскае паўстаньне, пра Беларусь пад акупацыяй, як гэта людзі маглі кахаць, нараджаць, гуляць, піць, вясельле сьвяткаваць і гэтак далей. А цяпер я гэта ўсё зразумела.

І адчуваньні вастрэйшыя, і радасьці вырастаюць у вялізным памеры, бо тое, што мы бачым, — гэтыя цені — яны вельмі высокія, вельмі чорныя. І вось ты пачынаеш параўноўваць сваё жыцьцё.

Нават у самыя горшыя моманты, калі я хварэла, і памірала нават некалькі разоў, то ўспамінала, што хаця б паміраю сярод прыязных людзей на белых прасьцінах і ўсе стараюцца мне дапамагчы. А ёсьць украінскія ваеннапалонныя і ёсьць беларускія палітвязьні.

Я заўсёды малюся за душу той 39-гадовай дзяўчыны, адзінай дачкі старой няшчаснай маці, якую фактычна дабілі ў турме. У яе быў ракавы дыягназ, яе выпусьцілі толькі памерці. Яна пажыла на свабодзе пару месяцаў дый памерла. Вось за іх я малюся. І на фоне гэтай чарнаты маленькія радасьці выглядаюць вельмі значнымі.

Мы не мільярдэры ўсе. Верагодна, у мільярдэраў вялікія радасьці, вялікая рутына. Я чула, што некаторыя заможныя людзі езьдзяць на чалавечае сафары ў Кенію або ў былую Югаславію. Многа да мяне такіх сыгналаў даходзіць.

Але мы простыя звычайныя нявінныя людзі. Мы жывем штодзённымі рытуаламі, яны нас цешаць, пакуль ёсьць здароўе. А калі яго няма, то дастаткова складана цешыцца.

«Цяпер я непрымірымая да зьяваў і ўчынкаў, а да людзей зрабілася мякчэйшай»

— Я рабіла больш за 10 гадоў таму праект «Жыцьцё пасьля раку», у ім былі гісторыі 22 чалавек пасьля анкалягічнага дыягназу. Яны расказвалі ня толькі пра змаганьне з хваробай, а і пра тое, як зьмяніліся прыярытэты ў іхным жыцьці, як яны, як гэта ні гучыць, можа, дзіўна, удасканаліліся дзякуючы хваробе. Ты сказала, што навучылася прасіць. А ў чым ты ўдасканалілася ці ў чым зьмяніла прыярытэты?

— Складана адказаць. Я раней была нашмат больш непрымірымай у дачыненьні да людзей. А цяпер я непрымірымая да зьяваў і да ўчынкаў, а да людзей зрабілася мякчэйшай.

І мне цяпер асабліва рэжа і вочы, і сэрца, і душу тое, як людзі ня ўмеюць дачыняцца міжсобку. Ня ў злых намерах, бо ёсьць і зламысныя людзі, якія працуюць на рознага кшталту зло, спэцслужбы, вайну і гэтак далей. Але простыя звычайныя людзі.

Пачынаецца з таго, што людзі наступаюць на ўсе балючыя мазалі, лезуць у чужыя межы, абражаюць, параўноўваюць абы з чым, ужываюць неадпаведныя мэтафары, груба размаўляюць. Мне гэта стала страшна рэзаць. Проста тупа і неразумна.

Гэта тое ж самае, што адчыняць дзьверы і гэтымі дзьвярыма даваць сабе па галаве ці наступаць на граблі. Зусім ня трэба лісьлівіць і падлізвацца, але негвалтоўная дачыненьні, негвалтоўная камунікацыя — гэта вельмі простая штука. Проста ня лезь у чужыя межы. І ўсё.

Не пачынай размову груба, не параўновай нікога ні з кім, не абмяркоўвай зьнешнасьць дзяцей, якасьці характару і гэтак далей. Гэта не азначае, што ты павінен маўчаць, лісьлівіць і не гаварыць праўду. Проста гаварыць праўду лёгка і прыемна, не кранаючы пэрсаналіяў, усяго таго балючага, што ёсьць.

Ува ўсіх нас, дапусьцім, старыя маткі. Я бачыла ня раз, як абражалі: «Твая матка такая брыдкая». Ды паглядзі на сваю матку, на сябе паглядзі.

І мне вельмі забаўна глядзець, што некаторыя маладыя і ня вельмі маладыя людзі размаўляюць як багі. Ім нічога не пагражае.

Каханы мой, думаю я, ужо заўтра цябе чакае такое, што ты можаш з гэтага ня ўзьнесьціся. А паводзіш сябе як які-небудзь алімпійскі бог, прычым бог ня першага шэрагу.

Няма мудрасьці ў гэтым усім. Вось гэта ўва мне моцна зьмянілася.

Я цяпер зь людзьмі размаўляю, і раней, стараючыся іх ня раніць лішне. Але зь іншага боку, я яшчэ і навучылася бязьлітасна выкідаць з жыцьця тое, што мне не пасуе. Раней я магла яшчэ сьцярпець да сямі разоў, зьнесьці тое, што чалавек нясе лухту. А цяпер лічу да трох, калі гэта знаёмы чалавек, і лічу да аднаго, калі гэты чалавек незнаёмы.

Я раней думала, што некаторыя людзі дурні і таму яны груба і бесталкова размаўляюць і стараюцца раніць іншага чалавека. А цяпер бачу, што на сьвеце шмат злосных людзей, што, праўда, не касуе таго факту, што яны дурні.

Злосны дурань — гэта найгоршае, што можа чалавека спаткаць. І для сябе, і для людзей ён цалкам непрыгодны. Проста выплюнуць такога чалавека і забыць.

«Тое, што расейцы прапануюць сьвету зараз, гэта нейкі эрзац, маргарын нейкі з нафты»

— Ты ня выпала з інфармацыйнай прасторы, магчыма, ня ўвесь час, але чытаеш сацыяльныя сеткі, чытаеш навіны. Што цябе за гэтыя апошнія месяцы найбольш кранула з таго, што адбываецца, зьвязанага з Беларусьсю?

— У мяне вельмі цікавае назіраньне. Я назіраю за Беларусьсю наколькі магу, як яна цяпер жыве, і за Беларусьсю, якая цяпер жыве па-за межамі Беларусі, бо мы прыкладна ўраўняліся.

Тая Беларусь, якая жыве па-за межамі Беларусі, амаль ня мае доступу да Бацькаўшчыны, але затое мае свабоду.

А тая ж Беларусь, якая жыве ў Беларусі, — альбо свабоды ня мае, альбо ня мае свабоды інфармацыйнай.

Адно на адно выходзіць. І я зь цікавасьцю сачу, як некаторыя часткі Беларусі хіснуліся да сябе, адвярнуліся ад расейскага панаваньня ўва ўсім.

«Расейская культура» — у двукосьсі, бо тое, што расейцы прапануюць сьвету зараз, — гэта нейкі эрзац, маргарын нейкі з нафты. Дык вось, калі яны адхіснуліся ад Расеі, то ёсьць таксама вельмі цікавы трэнд у маладых людзей 18, 16, 25 гадоў, якія моцна хіснуліся да Расеі, але пры гэтым не перасталі думаць пра Беларусь, лічыць яе незалежным праектам. Мне цікава, што будзе з гэтым.

Я ў гэтым нічога кепскага ня бачу, але мне цікава, наколькі людзей можна прымусіць есьці маргарын з нафты альбо, як сказаў Даўлатаў, жаваць шнуркі. І аказваецца, што нават маладых людзей можна прымусіць жаваць шнуркі. Толькі гэта надоўга ніколі не атрымліваецца, бо калі чалавеку прапанаваць жаваць шнуркі альбо есьці торт-мядовік, то ён, вядома, будзе есьці торт-мядовік.

Што мне не падабаецца? Я ўжо сказала: мне не падабаецца, што людзі ня ўмеюць дачыняцца зь іншымі людзьмі. Бо мне здаецца, што з усімі, пачынаючы ад сяброў і заканчваючы лютымі ворагамі, можна размаўляць з годнасьцю і без таксычнасьці. Пры гэтым не гнучыся, ня сьцелючыся. Вось гэта мне замінае.

А ўвогуле я бачу вельмі пазытыўнай і вельмі аптымістычнай будучыню нашай краіны. Мяне, апрача Беларусі, у прынцыпе мала што настолькі турбуе. Я думаю пра яе пастаянна, як і мы ўсе, ад вялікага да малога і да старога.

І думаю, што Беларусь вельмі галодная па тым, каб быць Беларусьсю, па беларускім па ўсім.

Па якасным, па сьвежым, па свабодным — ня толькі па мове, культуры, літаратуры, гісторыі, але і па рэалізацыі кожнага чалавека, кожнага ў сваёй прафэсіі, на сваім месцы.

Гэта істотна для нас усіх — і для нас, бел-чырвона-белых людзей, і для чырвона-зялёных людзей. Гэта вельмі істотна і важна. І не скажу, што мы зь імі лёгка паразуменьне знойдзем, бо прапаганда — атрутная штука. Гэта менавіта гвалтоўная камунікацыя ў сваёй самай горшай праяве. Але мы знойдзем агульнае, бо ў нас ёсьць агульная краіна.

І яшчэ што мяне зьдзівіла, і пацешыла, і прымусіла задумацца, — гэта беларуская ісламафобія. Апошні кейс зь дзяўчынай, з Жасьмін, якая захацела хусткі прадаваць. Я пачала чытаць камэнтары і ўбачыла, што праблема там ня ў хустках, а ў тым, што ў ісламу вельмі кепскі піяр, і гэты піяр створаны самім ісламам, перш за ўсё ягонымі прыхільнікамі. І што беларусы аналізуюць, думаюць.

Яшчэ з гэтых кейсаў уявілася, што ў людзей вялікая энэргія супраціву назьбіралася. Калі можна было выказаць сваё рашучае «не» і не атрымаць за гэта па галаве, ня трапіць у турму, ня быць рэпрэсаваным, раздушаным і абцёртым аб асфальт, то яны ўсе вельмі рэзка выступілі супраць таго, чаго яны сабе не жадаюць, а менавіта ісламізацыі сьвецкага жыцьця.

Я ўпэўнена, што калі толькі зьнікне гэты рэпрэсіўны прэс, то пратэст будзе яшчэ мацнейшы, чым у 2020 годзе, бо ёсьць голад, ёсьць імкненьне, ёсьць сіла. Людзі хочуць жыць сваё адзінае жыцьцё як людзі, а не як дэфэктыўныя дзеці.

«Гэтыя нязьбітыя лётчыцы мне вельмі дапамаглі»

— Часам людзі ня ведаюць, як размаўляць з сваімі сябрамі, знаёмымі, якія маюць анкалягічныя дыягназы. Што б ты параіла — пра што не пытацца, як гаварыць? Ці гаварыць і не зьвяртаць увагі? Як гэта для цябе працуе?

— Я ўдзячная тым, хто вельмі мала і рэдка са мной размаўляў. Разумееш, ёсьць жа ўнутранае кола, сям’я і вельмі блізкія сябры. І яны мяне абслугоўвалі цалкам. Я нават хадзіць не магла, я не магла сама да прыбіральні дайсьці. Дыхаць не магла. І яны мне дапамагалі.

І ўсе мае сябры далейшага кола — першага, другога, трэцяга, чацьвёртага, сама ж разумееш, што сябры бываюць блізкія і далёкія — ад блізкіх сяброў да проста знаёмых. Яны амаль усе былі вельмі стрыманыя, і яны мне папросту мала пісалі, і амаль ніхто не званіў.

Я за гэта была ўдзячная, бо ў чалавека раптам робіцца вельмі мала сілы, але ён хоча адказваць добрым людзям, разумееш? І хвораму чалавеку даводзіцца рабіць вялізныя высілкі. Трэба дазаваць дачыненьні. Асабліва ня трэба ўступаць без запросу ў тэлефанаваньні, альбо, крый Божа, проста прыходзіць дахаты, гэта ўжо было б увогуле скандалічна. Гэта першае.

Другое — ня трэба казаць: «Усё будзе добра». Бо мы ня знаем, ці ўсё будзе добра. Чалавек у сваім розуме. Ён ведае пра сваю хваробу шмат, ён дачыняецца зь лекарамі, ён чытае статыстыкі, ён можа нават зьвярнуцца да штучнага інтэлекту, і яму скажуць, што ўсё не зусім добра. Вось ня трэба казаць пустыя словы і пустыя суцехі.

Але мне дапамагалі вельмі мае блізкія сябры, якія дзяліліся са мной гісторыямі посьпеху, гісторыямі вылячэньня. Таксама ў такім пасіўным стылі. Яны не пісалі мне: «Сьвета, як справы? Як ты сябе сёньня адчуваеш?»

Яны мне проста дасылалі гісторыі — што, калі ласка, пазвані Магдалене, альбо пазвані Мэйкі. Мае сябры жывуць у розных краінах, яны мне слалі кантакты і адрасы жанчын, у якіх таксама рак яечніка чацьвёртай ступені і якія з гэтага выйшлі. Вось гэтыя нязьбітыя лётчыцы мне вельмі дапамаглі выкараскацца, бо яны мне далі надзею.

І зноў жа мне вельмі дапамог Станіслаў Салавей, беларускі лекар-анколяг. Ён мяне папросту навучыў успрымаць гэтую хваробу як хваробу, а ня як канец сьвету. Вось так, як ён размаўляе з хворымі, трэба ўмець размаўляць.

Юля Чабуніна, якая таксама прайшла праз гэта, мне вельмі дапамагла, бо яна мне ўсё расклала на першасныя чыньнікі — як гэта будзе адбывацца, які спосаб лячэньня. Вельмі мне шкодныя людзі, якія трэсьліся і крычалі: «Чаму ты нічога ня робіш? Чаму ты не бяжыш туды-сюды? Чаму ты чакаеш вынікаў аналізу і не зьвяртаесься да іншых лекараў?»

Гэта выклікала ў мяне страшную трывогу, а нічога іншага я не магла зрабіць. Я магла толькі ўвайсьці ў пратакол і чакаць вынікаў аналізу. І ў мяне было такія тры-чатыры тыдні, калі я нічога не магла зрабіць. І людзі ўсе рабілі ў мяне найстрашнейшую паніку.

Я ўдзячная ўсім і кожнаму, бо ўсё гэта рабілася з ласкі да мяне і з дабра. Але я проста апавядаю, як я рэагавала. Пры гэтым пры ўсім у мяне ні ценю жалю ні да кога.

Я не атрымала ніводнага пажаданьня здохнуць, хоць чакала, што атрымаю такіх. Нават ніводзін чырвона-зялёны чалавек мне нічога такога не напісаў. Я ўсім за гэта ўдзячная. Так што для такога хворага чалавека трэба, каб блізкія яго атачылі апекаю неабходнаю, а трошкі далейшыя атачылі яго цішынёй і спакоем. І, вядома, я не магу сказаць табе, наколькі мне былі патрэбныя грошы.

Я ўсё жыцьцё мала зарабляла і мала пра гэта клапацілася. А вось калі прыперла, то мне людзі дапамаглі. Сабралі ў разы болей, чым я прасіла, чым мела неабходнасьць. І я мела магчымасьць траціць на ўсялякія спадарожныя патрэбы — мэдычныя і не мэдычныя. А бяз гэтых грошай я б сабе рады не дала.

Такія мае высновы: пакідаць у спакоі, даваць прастору, не суцяшаць пустымі словамі, а суцяшаць канкрэтнымі прыкладамі і рабіць канкрэтныя справы.

Дарэчы, людзі прапаноўвалі што-небудзь згатаваць сваімі прыўкраснымі ручкамі альбо прыбрацца ў хаце. Гэтага цяпер ужо ня так і патрэбна, бо ў вялікіх гарадах і ў малых гарадах ёсьць анкалягічны катэрынг, вельмі танны.

Ёсьць убэры, якія цябе давязуць у шпіталь са шпіталя. Гэта ўсё ёсьць. І яшчэ мне вельмі гарэла душой, былі вельмі важныя гэтыя артэфакты, сувэніры, зробленыя сваімі рукамі, паштовачкі, упрыгожаньні, кніжкі, малюнкі, якія мне стараліся даслаць — многа я іх атрымала.

І ведаеш, мне дапамагла аўра любові. Бо старая мэдсястра ў маім шпіталі мне сказала, што ніколі ня бачыла жанчын з маім дыягназам, якія б так сябе добра адчувалі пасьля хіміі, маючы аж столькі ракаў у сабе.

Яна гаворыць: «Верагодна, за цябе нехта важны моліцца». І я сказала: так, за мяне моляцца вельмі вельмі важныя людзі. Людзі замаўлялі на цэлы год імшы. Людзі маліліся за мяне ў некалькіх касьцёлах па ўсім сьвеце. Я табе скажу, што гэта дае такую аўру падтрымкі.

Чалавек, дапусьцім, уначы прыходзіць у адчай, яму кепска, і раптам зьніадкуль зьяўляюцца сілы, і чалавек не памірае, а чакае раніцы. Бо людзі збольшага раніцай паміраюць — ад другой да чацьвёртай гадзіны ночы, у час адчаю, у час быка. І вось тады гэтыя малітвы людзкія — яны за мяне прасілі, каб я жыла. Яны да мяне даходзілі імпульсам вялікім. Я так выжыла.

«Як мне цяпер пісаць, дзейнічаць, ці радавацца Калядам, калі ў мяне нібыта марская хвароба»

— Я ведаю, што ты няхутка пішаш. А ці ёсьць натхненьне пісаць? Ці пішаш, што пішаш?

— Натхненьне ёсьць. Я ўвесь час пісала. Проста мая кніжка ўвесь час мяняецца. Яна ў мяне жывая такая істота. Памятаеш міт пра Антэя? Гэта той, які адчувае сілу, калі стаіць на зямлі. І як Геракл яго заціснуў у рукі, адарваў ад зямлі, і Антэй пачаў мяняцца з рыбы ў зьмяю, зь зьмяі ў ільва, з ільва там яшчэ ў нейкае магутнае страшнае стварэньне.

Гэта мая кніжка такая, як Антэй, яна зьмяняецца. Мы зь ёй адарваныя ад зямлі, бо на Бацькаўшчыне было б прыемнай і лягчэй пісаць. Але мая кніжка відазьмяняецца, у што яна выльецца, невядома.

Калі я атрымала дыягназ, у мяне былі вельмі маленькія шанцы на выжываньне. Я была ўпэўнена, што больш нічога не напішу. Але цяпер паступова пачынаю вяртацца да сябе і пішу сабе, пішу і пішу.

Мне цяпер вельмі кепска пасьля апэрацыі. У сэнсе, мне нічога не баліць, але ў мяне ж там кішкі памяшалі, выразалі з кішак там усё, і з мачавога пухіра, і з чаго там толькі не выразалі. І ў мяне цяпер там усё перамешана, мяне пастаянна ванітуе.

І я пастаянна то хачу, то не хачу ў прыбіральню. Бегаю гойсна, нічога не атрымліваецца. Ты сабе ўяўляеш, як чалавек жыве з такой няпэўнасьцю. Чалавек вельмі прывязаны да сваёй сыстэмы страваваньня і выдаленьня. І вось як мне цяпер пісаць, дзейнічаць, ці радавацца Калядам, калі я пастаянна знаходжуся ў стане, нібыта ў мяне марская хвароба.

Але пройдзе і гэта, пройдзе і гэта. Я ўжо адчуваю, як яно праходзіць. І тады, я ўпэўнена, у мяне яшчэ будуць сьветлыя і ясныя дзянькі.

«Мне аж няёмка, якое вялікае жыцьцё мая кніга атрымала»

— Я размаўляла калісьці зь Святланай Алексіевіч, і яна сказала, што ў жаночым выдавецтве, якое яна заснавала, самая камэрцыйная кніга, якая найлепш прадаецца, самая прыбытковая — гэта твая кніга «Па што ідзеш, воўча?». Якое ня толькі кніжнае жыцьцё жыве твае кніга? Як шмат яе перакладаў?

— Мне аж няёмка, якое вялікае жыцьцё мая кніга атрымала. У Люблінскім тэатры — вельмі сурʼёзны спэктакль па ёй. І мне вельмі многа людзі пішуць, што яны таксама гэта ўсё перажывалі, што іхныя семʼі гэта ўсё перажывалі, што я ім дала сілы жыць і зноў павярнуцца да беларускасьці, да сонца, хоць кніжка, здавалася б, і ня вельмі вясёлая.

Я вельмі ўдзячная гэтай кнізе. Я навучылася яе паважаць. Мне спадабалася паважаць і сябе, і сваю творчасьць, бо чалавек усё пра сябе ведае — дзе ён недапрацаваў, дзе перапрацаваў, дзе сфальшаваў.

Вось я навучылася гэтую кніжку паважаць пасьля таго, як многія людзі напісалі мне, што яна перавярнула іхнае жыцьцё, і надала яму смак, і прыбрала значнае каліва адчаю, які цяпер разьліты ў паветры.

Мне здаецца, ужо шэсьць ці сем перакладаў ёсьць на розныя мовы. І яшчэ будуць пераклады: рыхтуецца пераклад на гішпанскую, на ангельскай будзе кніжка, і будуць пераклады на меншыя, але вельмі цікавыя мне асабіста мовы.

«Я думаю, што Гасподзь схаваў для мяне падарунак»

— Ці ты загадваеш на Каляды ці на Новы год жаданьні?

— Маё жаданьне вельмі сьціплае — прыбраць хату. За гэтыя сем месяцаў я істотна яе загадзіла, у мне няма сілаў прыбіраць, а сын усяго на сваіх плячах мужчынскіх, юначых не папрэ.

Я цяпер так думаю, што Гасподзь схаваў для мяне падарунак. Гэты падарунак чакае мяне за рогам. І я гэты падарунак атрымаю, разгарну і ўбачу, што ж такое хоча падараваць мне Гасподзь.

Я цяпер вельмі люблю сябе паводзіць як дзіця перад Калядамі, сэрца якога замірае, бо яно ня ведае, што пад елачкай раніцай будзе.

Вось у мяне такое самае адчуваньне, што я ў піжаме, зараз пабягу ў залю, дзе мае бацькі паклалі некалькі падарункаў пад елку.

На шчасьце, я мела шчасьлівае дзяцінства, і кожныя Каляды аж да 14 гадоў я атрымлівала такія падарункі. Вось цяпер у мяне такое чаканьне падарунку вялікага. Гэта можа быць чорны падарунак, можа быць белы падарунак.

Адначасова я чакаю нейкага мэтафізычнага, містычнага, радаснага, агністага падарунку, і я ўпэўнена, што яго дачакаю. Гэта раз.

А па-другое, жаданьні зямныя, ня вельмі простыя. Прыбраць хату менавіта самой, не выклікаючы клінінгу, не прымаючы чужой дапамогі. Прыгатаваць ласося. Я вельмі люблю ласося. Схадзіць паглядзець на ілюмінацыю. Я ўпэўнена, што і мая будучыня, і будучыня Беларусі, нягледзячы ні на што, дастаткова цікавая. Я ня вельмі баюся за сябе і ня вельмі баюся за Беларусь.