Колькі ахоўнікаў у Ціханоўскай, і які ў яе заробак

Дыпламатычны дарадца Офіса Ціханоўскай таксама распавёў пра тое,  чаму сустрэчы лідаркі беларускіх дэмсіл і Зяленскага становяцца суперпадзеяй.

Дзяніс Кучынскі, фота: скрыншот з відэа на канале жизнь-малина

Колькасць ахоўнікаў Ціханоўскай застаецца ранейшай, распавёў Дзяніс Кучынскі ў інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву на канале жизнь-малина.

— Ёсць літоўская ахова, а ёсць ахова ў іншай краіне, куды яна прыязджае. Іншая краіна робіць свае ацэнкі — колькі аховы даваць, як і калі.

Паводле Кучынскага, самы вялікі картэж у Ціханоўскай быў у Малдове — з аховай, з хуткай, з паліцыяй, з матацыкламі.

— У Вялікабрытаніі была вялікая (колькасць аховы — «С»), у Польшчы, у большасці краінаў. Але Малдова неяк запомнілася.

Адказваючы на пытанне пра заробкі супрацоўнікаў Офіса Ціханоўскай, Кучынскі адзначыў, што «у Літве сярэдні заробак брута 2400 (еўра — «С»), у нас у большасці ніжэй за гэты».

Заробак Кучынскага брута складае каля 2250 еўра, кажа дарадца лідаркі дэмсіл. Пра заробак Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі дакладна не ведае, але мяркуе, што ён будзе прыкладна ў тых жа (памерах — «С»).

Чаму сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага становяцца суперпадзеяй? На думку Кучынскага, гэта «два сымбаля барацьбы з расійскім імперыялізмам у розных кантэкстах, у розных умовах».

— Гэта сапраўды яднанне. І калі яны паціскаюць адно аднаму рукі, калі яны бачацца, мне здаецца, гэта выклікае такі эфект, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай.