Политика

Карбалевіч: «Дзесяцімільённая краіна апынулася ў закладніках аднаго чалавека»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода — пра тое, як Лукашэнка выкарыстаў перамогу на рэфэрэндуме 1995 году.

— Гэта быў трыюмф Лукашэнкі, — піша Валер Карбалевіч. — Ён атрымаў усё, што хацеў. Станоўчыя адказы на пытаньні рэфэрэндуму, які ініцыяваў Лукашэнка, афіцыйныя прапагандысты інтэрпрэтавалі як вотум даверу кіраўніку дзяржавы, падтрымку ягонага палітычнага курсу.

Валер Карбалевіч

У нейкай ступені гэта было сапраўды так. Сам ён успрыняў вынікі рэфэрэндуму як карт-блянш на далейшую канцэнтрацыю ўлады ў сваіх руках.

Лукашэнка атрымаў поўную перамогу над сваім галоўным супернікам — Беларускім народным фронтам. Трэба адзначыць, што ён нанёс паразу нацыянальна арыентаванай і лібэральнай апазыцыі па частках. На рэфэрэндуме 1995 году супраць беларусізацыі галасавала і частка лібэральнай інтэлігенцыі.

Адпрэчваючы ўвядзеньне беларускай мовы ў сфэры адукацыі і дзяржаўнага справаводзтва, яе прадстаўнікі не разумелі, што адмова ад заваёваў пэрыяду дэмакратызацыі стане пачаткам сыстэмных контрарэформаў, а на зьмену беларусізацыі прыйдзе зусім не лібэралізацыя на эўрапейскі манер, не фармаваньне нейкай наднацыянальнай грамадзянскай супольнасьці заходняга кшталту, а саветызацыя грамадзкага жыцьця.

Наступны рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году стаў ужо ўдарам па дэмакратыі.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі Лукашэнка прадэманстраваў магчымасьці манаполіі дзяржавы на радыёэлектронныя мэдыя. Ад савецкага пэрыяду і часу праўленьня Вячаслава Кебіча інфармацыйны таталітарызм новага ўзору адрозьніваўся бесцырымоннасьцю, агрэсіўнасьцю, адраснай накіраванасьцю.

Выявілася, што ў большасьці насельніцтва не было імунітэту супраць «чорнага» піяру. Людзі былі проста псыхалягічна не гатовыя да яго і аказаліся ня ў стане паверыць таму, што прэзыдэнт можа так беспардонна скажаць факты.

Рэфэрэндум 1995 году адкрыў шлях задушэньня ўладамі ідэалёгіі беларусізацыі ў этнакультурным варыянце. Гэта адчыніла дзьверы расейскаму ідэалягічнаму і культурнаму ўплыву. Моцна паскорыўся працэс фармаваньня рэжыму асабістай улады Лукашэнкі. Дзесяцімільённая краіна апынулася ў закладніках аднаго чалавека. Пасьля 2020 году гэтыя працэсы, распачатыя 30 гадоў таму, толькі паскорыліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)