Общество

Экс-палітвязень: «З лякарні Віктара Бабарыку прывезлі тыя ж самыя людзі ў цывільным, якія яго і збівалі»

Пасля пяці гадоў зняволення паводле палітычнага матыву вызваліўся ды эвакуяваўся з Беларусі актывіст каманды Святланы Ціханоўскай падчас выбараў 2020 года з Мазыра Руслан Парфёнаў. Ён стаў адным з першых зняволеных з каманды Ціханоўскай. Гомельская Вясна паразмаўляла з Русланам пра тое, што адбывалася ў вязніцах.

Руслан Парфёнаў на перадвыбарчым пікеце, 2020 год. Фота: palesse.press

«Хуліганіў» дарогаю з КГБ у РАУС?

Напярэдадні выбараў у пачатку жніўня 2020 года па краіне пракацілася хваля арыштаў актывістаў каманды кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Не абмінула яна і Мазыр. Руслан Парфёнаў ад самага пачатку выбарчай кампаніі ачольваў групу мазырскіх актывістаў, якія дапамагалі Ціханоўскай стаць кандыдаткай і потым арганізоўвалі ейную выбарчую кампанію ў рэгіёне.

— 6 жніўня (2020 года – рэд.) мяне ў Каленкавічах затрымалі кагэбэшнікі. Яны завезлі мяне адразу ў камітэт. Там «адпрацоўвалі» свае псіхалагічныя ўздзеянні. Я адмовіўся з імі размаўляць. А яны ўжылі 5 розных метадаў, каб мяне разгаварыць. Спачатку некалькі чалавек выяўлялі «злога і добрага паліцэйскіх», а потым пачалі па адным заходзіць і таксама спрабаваць даваць парады, што лепей мне пачаць супрацоўнічаць, — узгадвае Руслан Парфёнаў.

Пры гэтым, супрацоўнікі КГБ страцілі пільнасць і нават не заўважылі, што Руслан змог узяць з іхняга стала свой тэлефон.

— Яны паклалі мой тэлефон проста на стол. Калі чарговы раз мяняліся «апытвальнікі» мне ўдалося яго са стала скрасці. Потым я папрасіўся ў туалет. Яны мяне завялі і там я здолеў паведаміць усім нашым, каб выходзілі з нашай суполкі і чысцілі ліставанні са мной, а таксама павыдаляў з тэлефона ўсё небяспечнае, — кажа Руслан.

Руслан пагадзіўся даць паказанні, якіх дамагаліся кагэбэшнікі пры ўмове, што вызваляць актывіста з Каленкавічаў Дзмітрыя Кайтанава і жыхара Магілева з прозвішчам Тышкавец, які аказаўся агентам спецслужбаў, а да таго пагадзіўся дапамагчы Парфёнаву. Пра супрацу Тышкаўца з карнымі органамі Руслан тады не ведаў.

А другой гадзіне ночы Руслана завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Мазырскага РАУС. На наступны дзень у яго быў суд у адміністрацыйнай справе за хуліганства:

— У судзе былі я, сакратар, суддзя і мент. А я не разумеў увогуле за што мяне судзяць. Кажу: «Дайце мне хоць якія пратаколы азнаёміцца. За што вы мяне судзіце?» Яна (суддзя – рэд.) мне дае пратакол. Там, што я нібыта ішоў вуліцаю 17 верасня ўначы і нібыта спраўляў натуральныя патрэбы, а да мяне падышлі міліцыянты, я ім надаў супраціў і мяне затрымалі.

Я ёй кажу, што я быў у Камітэце дзяржбяспекі і з двара гэтага камітэта мяне на «варанку» завезлі ў двор РАУС, дзе і калі я мог спраўляць гэтыя патрэбы? Яна здзівілася, але ўсё адно дала 10 содняў (арышту – рэд.).

Частку адміністрацыйнага арышту Руслана Парфёнава трымалі ў ІЧУ Нараўлянскага РАУС, бо ў Мазыры пасля даты выбараў і наступных пратэстаў не хапала месца. Менавіта тады ў Мазырскім РАУС былі асабліва жорсткія катаванні ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Руслан Парфёнаў пасля вызвалення, 2025 год

Два дні на волі і новае затрыманне

17 жніўня 2020 года яго вызвалілі з ІЧУ пасля адбыцця арышту. На волі ён прабыў два дні.

— Я ўжо думаў ва Украіну з’язджаць. Мая дачка ляжала ў лякарні. Я думаў, заеду да дачкі, адведаю яе і паеду адразу ва Украіну. І так і не даехаў.

Раніцай 19 жніўня я ехаў з Каленкавічаў. Мяне спынілі на колішнім пасту ДАІ паміж Каленкавічамі і Мазырам. І потым у суправаджэнні двух экіпажаў ДАІ – спераду і ззаду, з мігалкамі, завялі ў РАУС. А ўжо адтуль адразу мяне завезлі ў Следчы камітэт у Менск. Там я даў тыя самыя паказанні, што і ў КДБ даваў – што зрабіў сам тыя «вожыкі», каб больш нікога не прыплятаць да гэтай справы, — кажа Руслан Парфёнаў.

У прапагандысцкім відэасюжэце, паказаным на дзяржаўным канале «ОНТ» Руслана Парфёнава абвінавацілі ў вырабе нейкіх «вожыкаў», якія мусілі прабіваць колы карніцкіх транспартных сродкаў, калі тыя пачнуць сілавыя акцыі супраць людзей, якія збіраліся мірна адстаяць праўду ў выніках выбараў.

Руслан кажа, што тыя «вожыкі» сапраўды былі, але рабіў іх не ён. Яму іх надалі і ён думаў, як іх даставіць у Менск. У чаце актывістаў каманды Ціханоўскай гэта падмеўся зрабіць адзін хлопец з Магілёва – той самы Тышкевіч. Менавіта яго і паказалі ў прапагандысцкім відэа, прадставіўшы Русланам Парфёнавым. Але Тышкевіч аказаўся сакрэтным супрацоўнікам спецслужбаў, укаранёным у суполкі актывістаў альтэрнатыўнай Лукашэнку кандыдаткі.

Сэксот Тышкевіч (злева). Скрыншот прапагандысцкага відэа

— Я казаў і кагэбэшнікам і ў СК, што гэта ўсё маё, я рабіў тыя «вожыкі» на лецішчы сам, сам хацеў адвезці ў Менск і ніхто мне ніякага спрыяння ў гэтым не надаваў. Мая мэта была ў тым, каб пазбавіць ад пераследу іншых, у тым ліку таго Тышкевіча, бо я не ведаў, што ён супрацоўнічае са спецслужбамі Лукашэнкі, — тлумачыць Руслан Парфёнаў.

Галадоўка ў ІЧУ

Падчас суда Руслана Парфёнава трымалі ў СІЗА № 3 у Гомелі. Да таго, ён са жніўня па лістапад 2020 года знаходзіўся ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, а пасля таго, як следства скончылася, яшчэ нейкі час яго ўтрымлівалі ў турме ў Жодзіне.

У перапынках паміж судовымі пасяджэннямі Руслана трымалі ў Мазырскім ІЧУ. Там ён трапіў у камеру з чалавекам са злачыннага асяроддзя, з якім у яго завязаліся сяброўскія стасункі і той падарыў яму маркер. Руслан гэтым маркерам напісаў на нары назву тэлеграм-канала, які адміністраваў да затрымання – «Мозырь для жизни».

— Мянты, калі пабачылі гэты надпіс, яны ашалелі. Мяне выклікалі да начальніка ІЧУ. Ён пачаў мне ўціраць, што, у гэтым канале ідуць абразы міліцыянтаў і ўлады, розныя непрыемныя выказванні пра іх. Я яму тлумачыў, што, пасля таго, што адбылося ў жніўні, яны мусяць быць удзячныя беларусам, што іхняя злосць выліваецца толькі ў інтэрнэт-каментары, а не ў фізічнае ўздзеянне на тых, хто рабіў беззаконне і гвалт.

У выніку мне ўпершыню ў Мазырскім ІЧУ начальнік пастанавіў пасадзіць у ШІЗА. Я стаў пераваадкрывальнікам ШІЗА ў ІЧУ ў Мазыры, — жартуе Руслан Парфёнаў.

Руслан вырашыў пратэставаць супраць гэтага і абвясціў галадоўку.

— Я напісаў афіцыйную заяву, што я адмаўляюся ад ежы. І гэтыя трое содняў я галадаў, а праз трое содняў мяне выпусцілі і зноў пасадзілі ў камеру з тым самым чалавекам, які падарыў мне маркер. Можна сказаць, што задаволілі мае патрабаванні, — гаворыць Руслан.

Наваполацк: самая жорсткая калонія Беларусі

— 3 сакавіка мне далі пяць гадоў, 19 траўня разгледзелі апеляцыю і 9 чэрвеня мяне ўжо завезлі ў Наваполацк (у калонію № 1, якая месціцца побач з Наваполацкам Віцебскай вобласці – рэд.). Спачатку там было вельмі жорстка. Вельмі жорстка было, пакуль не знялі гэтага Пальчыка (былы начальнік Наваполацкай калоніі № 1 Андрэй Пальчык – рэд.).

А знялі яго праз тое, што адзін з «палітычных» – Вадзім Хіжнякоў даў інтэрв’ю пра гэтага Пальчыка. Пасля гэтага інтэрв’ю яго знялі з пасады і панізілі ў званні з палкоўніка да маёра. А да таго, ён там лютаваў. Шмат фактаў збіцця. І не толькі датычна мяне, але і многіх іншых. Бабарыкі таго ж, — узгадвае Руслан Парфёнаў.

Андрэй Пальчык — колішні начальнік наваполацкай калоніі № 1

Руслан кажа, што асабліва перадузята ставіліся якраз да «палітычных». Карнікі рабілі выгляд, што ніякага асаблівага стаўлення да «жоўтабірачнікаў» няма, але схаваць гэта было немагчыма.

— Мне даводзілася сварыцца з кіраўніцтвам калоніі. Яны забаранілі, каб мне аддавалі лісты, якія мне пісалі. Але я дамогся, што лісты сталі да мяне даходзіць. Два разы я нават хацеў зладзіць нейкі пратэст усярэдзіне калоніі. За гэта мяне саджалі ў ШІЗА. А ШІЗА там жорсткае.

Самае страшнае катаванне там – гэта холад. Холад там люты. Ты проста нават уночы не спіш, бо ты вымушаны неяк сагравацца. То бок, ты мусіш адціскацца, фізічныя практыкаванні нейкія рабіць, каб хаця б трошкі сагрэцца. І гэта трэба рабіць хаця б кожныя паўгадзіны.

А там яшчэ ёсць такія нары, якія стаяць проста пад адчыненым акном. А іншае акно адчыненае на «прадол». І ты ляжыш проста на проймах. Я адмаўляўся класціся на гэтыя нары і мне за гэта дадавалі яшчэ 10 содняў ШІЗА, — распавядае Парфёнаў.

Бабарыку збівалі людзі ў цывільным, якія прыехалі ў калонію на бусе

— З [Віктарам] Бабарыкам мы стасаваліся амаль кожны дзень. Нядоўга, але часта. Калі мы выходзілі з прамзоны на абед і калі выходзілі са сталоўкі, трэба было пашыхтавацца. І пакуль мы ішлі шыхтавацца, у нас было некалькі хвілін, каб перакінуцца парай словаў.

У асноўным абмяркоўвалі сітуацыю, якая зараз у краіне. Стараліся падтрымаць адно аднаго. Хаця, у прынцыпе, яго і не трэба было падтрымліваць, ён трымаўся добра. Да таго выпадку, які з ім адбыўся, — узгадвае Руслан Парфёнаў свае зносіны з магчымым яшчэ адным прэтэндэнтам на кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2020 года.

Руслан кажа, што збівалі Віктара Бабарыку не супрацоўнікі калоніі:

— Прыязджалі нейкія людзі ў цывільным на бусе. Не ведаю на якіх падставах яны зайшлі ў зону. Яго выцягнулі з камеры, завялі ў прагулачныя дворыкі. Там збілі яго. Потым яго мусілі завезці ў лякарню. Гэта дакладная інфармацыя. Мне гэта распавядаў чалавек, які дакладна ведае, што там адбылося. І потым жа яго на гэтым жа бусе з лякарні і прывезлі. Яго зноў жа завялі ў зону тыя ж самыя людзі, якія яго і збівалі, — кажа былы палітзняволены наваполацкай калоніі.

Перавод у «Воўчыя норы»

Руслан кажа, што недзе да канца 2023 года тым, хто не падпарадкоўваецца кіраўніцтву калоніі, прызначалі змену рэжыму і адпраўлялі ў турмы. А пазней пачалі заводзіць справы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса і дадаваць тэрміны зняволення.

— Я адчуваў, што і мне рыхтуюць перавод у «крытую» турму. І я, як бы, паказваў, што я якраз хачу з’ехаць з Наваполацка ў «крытую». Але кіраўніцтва, калі даведвалася жаданні вязня, рабіла ўсё наадварот. І, калі яны даведаліся, што я хачу ў «крытую», яны зрабілі ўсё, каб проста перавесці мяне ў іншую калонію.

Не ведаю, чаму яны гэта рабілі. Тады, як мы зразумелі, у іх адбывалася нейкая пературбацыя – партыі зняволеных проста бралі і перавозілі з калоніі ў калонію, — гаворыць Руслан.

Так ён трапіў у вядомую калонію «Воўчыя норы» каля вёскі Даманова Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці.

— Я скажу так – у параўнанні з Наваполацкам «Воўчыя норы» – гэта санаторый. Хаця, там я ўжо трошкі парахманеў. Па-першае, сярод тых, хто там сядзеў, я не пабачыў блізкіх мне духам людзей, гатовых нечага дамагацца. Я іх разумею, бо не кожны хоча пакутаваць. А, каб нечага дамагчыся, трэба прайсці праз пакуты. А па-другое, і падумаў, што мне засталося год і трэба неяк яго ўжо дасядзець. Вырашыў, як кажуць у «зоне» – «не вылазіць у эфір».

Але там такая «калхозная» зона – нейкае бязладдзе. Яно трохі грае на руку зняволеным. Але, калі ты хочаш нешта зрабіць паводле закону, афіцыйна то гэта вельмі цяжка зрабіць, бо яны (супрацоўнікі калоніі – рэд.) проста не робяць гэтага, — параўноўвае Руслан Парфёнаў.

Імёны катаў

І ў Наваполацку, і ў «Воўчых норах» былі супрацоўнікі калоніяў, якія чынілі асабліва жорсткія парушэнні да зняволеных. Руслан Парфёнаў намагаецца аднавіць іхнія прозвішчы:

— Я вёў запісы, у мяне быў нататнік, у які я ў зашыфраваным выглядзе запісваў і прозвішчы тых, хто асабліва жорстка ставіўся да зняволеных, і нейкія выпадкі. Але ў Івацэвіцкай калоніі ў мяне забралі мой нататнік. З калоніі пад Івацэвічамі я яшчэ сам шмат каго памятаю, а з наваполацкай калоніі многія прозвішчы ўжо забыліся. Але я маю намер праз размовы з тымі, хто вызваліўся з гэтых калоній аднавіць тое, што я запісваў.

Мы папрасілі Руслана прыгадаць прозвішчы тых супрацоўнікаў карнай установы каля Івацэвічаў, якіх, праз іхнюю жорсткасць, ён найбольш запомніў:

— Намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце – прозвішча Молаш – гэта самы такі жорсткі. Потым, начальнік рэжымнай часткі Дылько – асабліва перадузята ставіцца да палітычных.

«Не збіраюся мірыцца з тым, што не адпавядае рэчаіснасці»

Пасля вызвалення Руслан Парфёнаў прыехаў дадому і зразумеў, што яму не дадуць спакою на волі і, хутчэй за ўсё, зноў зняволяць. Таму ён вырашыў эвакуявацца з Беларусі. Зараз ён знаходзіцца ў адноснай бяспецы ў адной з краін Еўропы. Але ён не збіраецца цурацца сваіх поглядаў:

— На этапах часам канваіры выцягвалі мяне на размовы пра тое, за што і навошта мы змагаліся. На адным з этапаў я спытаў у такога канваіра: «Ты верыш у 80%?» І ён сказаў, што не верыць. І тады я яму сказаў, што я не паверыў і я не пагадзіўся з гэтым, і за гэта я сяджу. А ты не паверыў, і змірыўся з гэтым, падарыў гэтыя адсоткі. Цябе падманулі. І цябе яшчэ падмануць і не раз. І ты, атрымаліваецца, проста цярпіла. Жыві з гэтым. А я не збіраюся мірыцца з тым, што не адпавядае рэчаіснасці.

Так, я пацярпеў. Але маё сумленне чыстае і перад самім сабой, і перад людзьмі, і, найперш, перад сваёй дачкой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)