«Для мяне зараз прыгода – зрабіць з нічога бізнес, буйнейшы за бюджэт роднага Іўеўскага раёна»

Пра падарожжа ў Паўночную Карэю, хаткі на калёсах і пазітыў, «Салідарнасці» распавёў бізнэсмен Валерый Астрынскі.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Ён уваходзіў у топ-200 беларускіх бізнесоўцаў, стварыў кнігарню з кавярняй ў Менску ды пернікавы хутар ў бацькоўскай вёсцы. У 2019-м сілавікі завялі на Астрынскага  крымінальную справу, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. За паўтара мільёна даляраў у бюджэт ён атрымаў і адбыў хатнюю хімію. А зараз будуе новае жыццё ў Гданьску.

— Валерый, у Беларусі ў вас, здаецца, было ўсё: ад файнага хутара, які вы зрабілі сваімі рукамі, да пентхауса. Вы адбылі тэрмін хатняй хіміі і маглі застацца. Што стала апошняй кропляй, калі вырашылі: «Хопіць, з’язджаю, больш не магу»?

— Калі атрымаў хатнюю хімію, якую правёў у вёсцы, то ставіўся да яе, як да часовай з’явы, пасля якой «ўсё роўна з’еду за мяжу». Бо разумеў, што на Радзіме дакладна не хопіць кіслароду. Тады думаў пра Аргенціну ці Уругвай, каб набыць зусім іншы жыццёвы досвед.

Апошняй кропляй стаў прыход пракурора Іўеўскага раёна на бераг Нёмана, дзе я са сваімі хіпі будаваў эка-кемпінг. Гэта быў больш такі эмацыйны занятак, не бізнесовы. Але гэта было весела! Куплялі старыя хаты, перавозілі на бераг ракі, які я ўзяў у арэнду ў лясгасе.

Хацеў зрабіць такую кропку, куды будуць прыязджаць вандроўнікі. Каб можна было і імпрэзы ўсялякія рабіць.

Каб я сядзеў ціха ды будаваў спакойна, то можна было б і застацца. Але я завёў YouTube-канал, пачаў здымаць відосікі пра хіпі, як мы з імі на трактарах возім гэтыя хаты, па пояс у вадзе пераходзім на нашу выспу ў брод.

Мясцовы выканкам пачаў крыху пужацца маёй актыўнасці і валанцёраў, якія нешта будуюць ды па-украінску гавораць. І ўсё гэта на канале, дзе я распавядаў, што зараз тут будзем ладзіць фестывалі па тысячы чалавек (смяеемся).

Карацей, мной сталі незадаволеныя, і я вырашыў з’ехаць, каб пачаць рабіць нешта цікавае і вялікае ў іншым свеце.

«Заўсёды хачу паспрабаваць усё рабіць так, каб атрымалася нейкая прыгода»

— Здаецца, у вас лёгка ды з гумарам усё атрымліваецца: падумаеш, хатняя хімія, затое хіпі ды весела! Ну і чытачы, можа, усміхнуцца, маўляў, канешне, лёгка так казаць чалавеку, які ўваходзіў у топ-200 бізнэсменаў Беларусі...

— Не магу паскардзіцца на сваё жыццё. Мне пашанцавала, што не трапіў у нейкія жахлівыя абставіны, не сутыкнуўся з вар’яцкім гвалтам у Беларусі.

І шмат якія рэчы насамрэч даюцца лёгка, бо я не стаўлюся занадта сур’ёзна да праблем і розных абставін. Мой сэнс жыцця больш звязаны з новымі ўражаннямі.

Тую ж хімію ўспрымаў, як кавалак жыцця: ну хай сабе зараз так. Чаго гараваць? Тым больш у мяне ёсць вёска, дзе я нарадзіўся, а да таго не было магчымасці шмат часу ў ёй правесці.

І з гэтай філасофіяй у мяне вельмі шмат сяброў паўсюль. І нават шмат сяброў ды знаёмых прыязджалі да мяне і падчас хіміі.

Ну і менталітэт у мяне рызыкоўны, бо заўсёды хачу паспрабаваць усё рабіць так, каб атрымалася нейкая прыгода.

Я ж і да страху па-іншаму стаўлюся. Я займаюся альпінізмам, аднойчы трапілі ў буран, дзе нічога не было відаць. Узнікла моцнае адчуванне, што, можа, усё ўжо і скончылася...

У жыцці былі вельмі рызыкоўныя моманты, нават больш рызыкоўныя за калонію.

— Так у асноўным кажа той, хто там, дзякуй Богу, не апынуўся.

— Пагаджуся. Бо аднойчы прыязджаў да мяне мой сябар, пасля трох гадоў турмы. Прыехаў, я правёў яму экскурсію па Гданьску, паказаў замежнае жыццё.

Праз колькі дзён ён выдаў: «Ну, паеду назад, у Беларусь». Кажу, разумееш рызыкі? Так, адказвае, дакладна разумею. Вяртаецца — і яго зноў садзяць у турму.

Што тычыцца майго страху. Калі сядзеў у «амерыканцы», дзякуй Богу, нядоўга, пашанцавала прайсці яе экспрэс-метадам за некалькі содняў. Калі не ведаеш: адпусцяць ці не? Ці ўсё забяруць? Ці яшчэ што прыдумаюць...

Жудасная невядомасць у моманце, калі ты не можаш нічога вырашаць і ні на што паўплываць. Плюс — псіхалагічнае: ты да гэтага не падрыхтаваўся, не гатовы гэта адпусціць ды спяваць будысцкія мантры. Мозг малюе самую страшэнную бязглуздзіцу. Гэта было найбольш непрыемнае.

«Гэта такая мадэль-утопія, калі ўсе збіраюцца ў пустыні і робяць ідэальную супольнасць неабыякавых людзей»

— Наколькі ваш сённяшні польскі бізнэс адрозніваецца ад беларускага, які вы пакінулі ў тым жыцці?

— Пачаў я тут з самага нуля, мы пераехалі з невялікімі грашыма, прадаўшы колькі нашых вясковых хатак ды машыну ў Беларусі. Розныя напрамкі разглядаў-капаў, быў упэўнены, што нешта прыдумаю.

Знайшоў нішу інстаграм-кабін, вырашыў ёй і займацца. Як той слімак, узяў хатку і павёз. Набыў некалькі хатак на колах, зрабілі на іх дахах дранку, якая была і на хатах нашых дзядоў. І калі раптам нам стане тут дрэнна, мы забярэм гэты наш дамок і пакрочым далей.

А пакуль такія хаткі пачаў здаваць у арэнду, усталяваць яе можна, дзе заўгодна. Бачу: тое, што мы робім, падабаецца людзям. Яны гатовы плаціць грошы за гэтыя эмоцыі.

Яшчэ мы зачапілі найвялікшы амерыканскі фестываль Burning Man, але гэта быў некамерцыйны праект, бо бізнес там забаронены. Гэта такая мадэль-утопія, калі ўсе збіраюцца ў пустыні і робяць ідэальную супольнасць неабыякавых людзей.

Мы з сябрамі зрабілі першы беларускі лагер, які назвалі «Мара».

«Вучыў мову ў Польшчы, пакуль не прыдумаў, чым заняцца — стаў на біржу беспрацоўных»

— А што было самае цяжкае ў вашай эміграцыі?

— У маёй ментальнасці ёсць вялікая частка пафігізма. Я не малюю сабе фатальных сцэнароў. Ну так, вучыў мову ў Польшчы, пакуль не прыдумаў, чым заняцца — стаў на біржу беспрацоўных, хацеў паглядзець, як працуе гэты механізм.

Потым прыдумаў бізнес, то падцягнуліся інвестары і супрацоўнікі.

Я ўвесь у працэсе, які мне падабаецца, таму і не лаўлю ў сябе зараз нейкую настальгію ці тугу. Бо бачу тут шмат сяброў і вельмі добрыя перспектывы, а не цяжкасці. Пакуль ёсць здароўе, ты можаш як мінімум працаўладкавацца ў «Жабцы» ці пайсці на будоўлю. Але зараз ёсць і лепшыя ідэі.

— Чытачы ўсміхнуцца пра «Жабку», бо гэта кажа чалавек, які адкупіўся ў Беларусі мільёнам даляраў.

— Паўтара мільёна не выглядае ў вялікім бізнесе астранамічнай сумай. Тады мае кампаніі маглі заплаціць такія штрафы. Я гэтыя мільёны з сабой не вывез. Шмат людзей у Беларусі плацілі больш — дзясяткі мільёнаў даляраў.

Таму для мяне зараз дадатковая прыгода зрабіць з нічога бізнес, буйнейшы за бюджэт роднага Іўеўскага раёна. Ён складае каля 30 мільёнаў даляраў. Такі ў мяне спартыўны інтарэс.

А асноўны мой капітал зараз — гэта сябры і кантакты вельмі цікавых і багатых людзей. Галоўны мой актыў — нетворк. Веру, што, нават калі будзе вельмі цяжка, знойдуцца людзі, якія дапамогуць.    

«Добрае надвор’е, прыгожы акіян, французскія гіпермаркеты і ёсць дзе павандраваць»

— Яшчэ да 2020-га вы шмат падарожнічалі і жылі ў розных краінах. Дзе больш спадабалася?

— Ну так, я праехаў 83 краіны, шмат дзе пажыў. Таму зараз мне нармалёва ў Польшчы.

Але да 2020-га я і не думаў нікуды пераязджаць, хацеў жыць у Беларусі, мне падабалася быць датычным да некамерцыйнага развіцця краіны, чым мы і займаліся з айці-кам’юніці.

А найбольш спадабалася невялікая выспа Маўрыкій. Мы жылі там з сям’ёй больш за паўгады. Здымалі невялікія хаткі з трысняговым дахам на беразе акіяна.

Гэта такая ідэалістычная частка свету, дзе жывуць радасныя людзі. Добрае надвор’е, прыгожы Індыйскі акіян, французскія гіпермаркеты і ёсць, дзе павандраваць. Няма мясцовай цывілізацыі, бо калісьці гэта была бязлюдная выспа.

Але ў плане самарэалізацыі я не знайшоў, чым заняцца. Таму і з’ехалі.

Зараз я ў Польшчы, бо ў мяне ёсць польскія карані, і даволі проста з легалізацыяй. Вельмі шмат сяброў зазямлілася менавіта тут. Плюс — добрая эканоміка, якая выдатна расце. І на Маўрыкіі я б не сабраў за паўгады ў сваю бізнес-каманду больш за дзясятак беларусаў.

А яшчэ вялікае ўражанне ў маім жыцці — паездка ў Паўночную Карэю ў 2016-м. Падарожжа рабіў «Мерлінтур», з Беларусі было чалавек 15. Карэйцы робяць часам такія мерапрыемствы, каб трохі валюты ў дзяржаву прыцягнуць. 

— Што найбольш уразіла?

— Тыя людзі, якія паехалі ў гэтую паездку (смяецца). Бо гэта, на мой погляд, знак «ненармальнасці». Не ўбачылі мы там нейкага жаху, толькі вялічэзныя дамы, музей, які нам паказвалі. Галоўная выснова: нават такая краіна можа існаваць у кансервацыі. Тады і зразумеў зусім не аптымістычны для нас сцэнар, што так можна жыць насамрэч доўга.   

«А навошта нам інтэрнэт ды ўласнае жыллё? І так добра!»

— Нас завозілі ў мясцовыя «бярозкі», дзе можна было набыць кока-колу па 10 даляраў за бляшанку ці гарэлку з грыбоў у паліэтыленавых пакетах. Але ў звычайныя крамы не пускалі, казалі, што ў нас «организованный туризм». Бо былі не толькі беларусы, але і амерыканцы, французы, мо, тры аўтобусы.

Вазілі па помніках і д'юці фры, у рэстаран на 30-м паверсе, які круціўся. Для мяне гэта быў такі крынж, я паглядзеў на натоўпы піянераў, якія ходзяць у музей падарункаў усім Кімам. Там ёсць і падарункі ад Беларусі, нашы трактары.

— То бок Паўночную Карэю вы не пабачылі. Бо гэта як кагосьці прывезці ў Беларусь, адправіць у «Цэнтральны» і рэстаран гатэля «Беларусь» на 22-м паверсе.

— Так і было. Нават на мясцовы рынак не пусцілі. Калі раніцай хацелі пайсці на прабежку, дык яны паставілі першую экскурсію а сёмай.

Але ж людзей мясцовых здалёк пабачылі: мужыкі ходзяць у шэрых, зялёных і чорных касцюмах, жанчыны трохі больш вольныя.

Галоўны праспект нечым падобны на праспект Дзяржынскага каля метро Малінаўка. Вялікія дамы па 20 паверхаў. Здзівіла, што калі глядзіш на гэта з гатэлю ўвечары, то бачыш цемру, бо няшмат якія вокны свецяцца. Дамы стаяць, людзі, здаецца, ходзяць па вуліцах. А чаму святло ў дамах не гарыць — незразумела.

Калі размаўлялі з мясцовымі гідамі, то ў іх не было ніякіх сумневаў, што дзяржразмеркаванне пасля вучобы — гэта добра. Куды партыя пашле — там і працуй.

І нават на пытанне, чаму ў вас няма інтэрнэту, на поўным сур’ёзе вылупілі вочы: «А навошта ён?» Мне паказвалі нават мясцовыя смартфоны, не падключаныя да агульнай сеткі — «ну і не трэба!»

Права ўласнасці на кватэры таксама няма: калі працуеш, то атрымліваеш жыллё. «Добра ж!» А з маёмасці ровар ды тэлевізар.

«Будую Беларусь там, дзе я ёсць. Зараз робім лазню для беларусаў на Кіпры»

—  А што для вас Беларусь 2020-га?

—  Адзін з самых важных этапаў жыцця, калі я ўбачыў вялікую колькасць класных беларусаў, пазнаёміўся з імі. Гэта людзі, якія з’явіліся вакол мяне за гэты час.

Але пасля Паўночнай Карэі ў мяне не было вялікай надзеі ды ілюзій, што можа нешта атрымацца. Мне вельмі падабалася энергетыка 2020-га, але я не бачыў, як гэта ўсё можа атрымацца. Мне б было сорамна не паўдзельнічаць ці прамаўчаць, але насамрэч не здарылася і вялікага расчаравання, бо не бачыў простага і аптымістычнага сцэнару тых падзей.

— Валерый, крымінальную справу на вас завялі ў 2019-м, па падатках. А потым вы вывешвалі на хутары бел-чырвона-белы сцяг, апраналі вышыванку...

—  Ці не прыкрыўся я нашым сцягам, каб з’ехаць у Польшчу? (смяецца) Насамрэч справа па падатках — гэта не толькі пра мяне. Тая хваля пракацілася па палове беларускіх камерсантаў, з якіх можна было нешта ўзяць. Звычайная праца сілавікоў па папаўненні бюджэта.

Потым надышоў 2020-ы, і вельмі хваляваўся мой адвакат, бо трэба ісці ў суд, а я нешта там яшчэ выступаю, каментую ці вывешваю сцяг.

Але я не дапускаў думкі, што будзе нейкая рэвалюцыйная сітуацыя, якая мяне ўратуе ад крымінальнай справы. Гэта ўсё ішло паралельна, і шмат хто са знаёмых бізнэсоўцаў мяне не разумеў, бо мае паводзіны былі нелагічнымі і рызыкоўнымі. Але мяне несла, ну такі я чалавек (усміхаецца).

Зараз у мяне няма настальгіі, як і ілюзій, што Беларусь заўтра стане дэмакратычнай, а Расея некуды знікне. Не бачу сэнсу, каб нешта такое ў сябе расчэсваць. Нам вельмі не пашанцавала з усходнім суседам, і як гэта можа вырашыцца, на жаль, сёння не бачу.

Таму пакуль я будую Беларусь там, дзе я ёсць. Ёсць у Гданьску, Варшаве ці вось зараз робім лазню для беларусаў на Кіпры. Там для мяне цалкам такая нармалёвая Беларусь, бо шмат класных беларусаў, якія робяць беларускія імпрэзы, сустракаюцца, абдымаюцца, спяваюць беларускія песні пад кіпрскім небам. Значыць, зараз такая дэцэнтралізаваная сучасная Беларусь.

Я не стаўлю сабе тэрмін пабачыць Беларусь бліжэй за 10 гадоў. Таму і ладжу бізнэс ужо тут са сваімі хаткамі на колах, якія адлюстроўваюць эмігранцкую долю і не прывязваюцца да канкрэтнай зямлі. Бо іх у любы момант можна перацягнуць разам з сабой у любую кропку свету.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)