Цыганкоў: Лукашэнку хочацца павагі з боку ЗША — таго, што ён не можа ні ад каго атрымаць

Палітычны аглядальнік — пра піраміду Маслоў правіцеля і што азначаюць сігналы з афіцыйнага Мінску.

Днямі правіцель Беларусі ў чарговы раз пачаў хваліць прэзідэнта ЗША і абвесціў, што Беларусь гатовая да вялікай здзелкі са Штатамі: «будзем чакаць іх прапановы глабальныя». Гэта намёк на тое, што працэс перамоў працягваецца і варта чакаць заўважных крокаў ці наадварот, адчайная спроба зноў прыцягнуць да сябе ўвагу?

— Сапраўды ёсць уражанне, што нешта застапарылася, няма ніякага прагрэсу, ані новых паездак, візітаў, ані вызваленняў палітвязняў, — разважае на гэты конт палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё.

Віталь Цыганкоў

— Ёсць толькі старое: працяг рэпрэсій, якія статыстычна, выглядае, толькі павялічваюцца.

Цыганкоў нагадвае: пік інтарэсу амерыканскага боку адбыўся пасля саміту на Алясцы, тэлефанавання Трампа Лукашэнку і некалькіх твітаў амерыканскага прэзідэнта, дзе гаварылася пра 1300 закладнікаў рэжыму, якія павінны быць вызваленыя. Цяпер жа ў беларускім накірунку пэўны штыль, які ўжо Лукашэнка імкнецца разварушыць.

— Безумоўна, што ў Трампа ёсць і іншыя справы, ён нядаўна восьмую вайну спыніў. У пэўным сэнсе я казаў бы пра гэта без іроніі. Тое, што адбылося на ізраільска-палестынскім перамоўным фронце — геапалітычная перамога ЗША і ў нейкім сэнсе параза Расіі. Таму пакуль Трампу было не да Беларусі. Але ўсё-ткі, мяркую, ён вернецца да гэтай тэмы.

Што можа чакаць Беларусь ад Амерыкі? Перш за ўсё, зняцця санкцый — калій, банкаўская сфера, далейшае зняццё санкцый з «Белавія». Бо пакуль што, акрамя некалькіх твітаў, добрых словаў на адрас Лукашэнкі і дазволу «Белавіі» чыніць свае самалёты амерыканскімі сродкамі, але каб гэта ніяк не паўплывала на санкцыі супраць РФ.

Лукашэнку хочацца большага не толькі ў практычным сэнсе, але і ў рытарычным. Ягоная піраміда Маслоў на ніжнім узроўні даўно запоўненая, ёсць што есці, ёсць колькі рэзідэнцый.

А хочацца самай высокай ступені — прызнання, павагі з боку ЗША — таго, што ён не можа ні ад каго атрымаць.

Еўрапейскія санкцыі, мяркуе палітычны аглядальнік, Лукашэнку ўжо не так палохаюць, як раней, бо эканоміка пэўным чынам адаптавалася да іх, і зразумела, што да ранейшых пазіцый цяпер Еўропа не вернецца. А вось Амерыка «для яго важнейшая ў палітычным і псіхалагічным аспекце», бо менавіта ЗША ён лічыць галоўным гульцом, які вымусіць астатніх дзейнічаць у тым жа кірунку.

— Калі насамрэч такая здзелка — вызваленне ўсіх палітвязняў у абмен на зняццё амерыканскіх санкцый — адбудзецца, то можна, напэўна, меркаваць, што і ў еўрапейскіх палітыкаў узнікне пытанне: рэжым зрабіў такі крок, мы таксама павінны неяк адрэагаваць на гэта.

Хоць тут зноў-такі трэба нагадаць: большасць еўрапейскіх санкцый былі ўведзеныя (на жаль для нас, калі мы чакалі рэзкай рэакцыі Еўропы ў 2020 годзе) не за палітвязняў, а пасля пасадкі самалёту і пасля пачатку вайны.

То бок, на сёння — не, не можа ўзнікнуць такога, што Еўропа скасуе санкцыі ўслед за Амерыкай. Але калі знікнуць прычыны еўрапейскіх санкцый, адбудзецца і вызваленне палітвязняў, і спыненне дапамогі Беларусі ў вайне — такое пытанне паўстане. Гэта натуральна.

Але ці гатовы рэжым выканаць сваю частку «вялікай здзелкі» і адпусціць усіх палітвязняў, прыкладам, да канца 2025 года? Тут Віталь Цыганкоў мае песімістычны настрой:

— Думаю, не.

«Вялікая» колькасць у разуменні Лукашэнкі — гэта можа быць яшчэ 50 чалавек, самых знакавых асоб.

Прытым пакуль будзе ажыццяўляцца здзелка, яшчэ як мінімум чалавек 50-100 за гэтыя тыдні стануць новымі палітвязнямі, з сённяшнімі тэмпамі гэта магчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(2)