Чаму ўлады сталі хаваць рэпрэсіі

Раней сілавікі ўсяляк дэманстравалі сваю брутальнасьць у змаганьні з палітычнымі праціўнікамі. Цяпер улады імкнуцца прыхаваць маштаб рэпрэсій. Амаль зьніклі пакаянныя відэа, у судах засакрэцілі інфармацыю пра «палітычныя» працэсы. У чым прычыны такіх зьменаў, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Паводле высноваў праваабарончага цэнтру «Вясна», беларускія ўлады памянялі тактыку ў справе палітычнага перасьледу грамадзян. Рэжым перайшоў да новай фазы кантролю грамадзтва — «ціхіх» рэпрэсій.

Як адзначае праваабаронца Павел Сапелка, замоўчваньне ўладамі фактаў перасьледу стала часткай дзяржаўнай палітыкі: людзей перасьледуюць ціха, без гучных прысудаў і паказальных справаў. Ён кажа:

«Яна імкнецца зрабіць перасьлед нябачным, менш шумным, але не менш жорсткім… Цяпер замест гучных заяваў афіцыйных асобаў пра тысячы ўзбуджаных новых «экстрэмісцкіх» спраў — спробы замаўчаць вядомыя вялікія справы, фігуранты якіх практычна без выключэньня трапляюць у СІЗА».

Раней сілавікі ўсяляк дэманстравалі сваю брутальнасьць у змаганьні з палітычнымі праціўнікамі. Па дзяржаўных тэлеканалах, а асабліва, па тэлеграм-каналах паказвалі, як жорстка затрымліваюць «ворагаў», іх хапалі на вуліцах, ламалі дзьверы ў жылых памяшканьнях, прымушалі арыштаваных каяцца на камэру.

Выстаўлялі фатаздымкі разбураных, разварочаных кватэр апазыцыянэраў. Не хавалі перасьлед блізкіх тых асобаў, якія эмігравалі за межы краіны.

Уся рабілася дзеля застрашэньня грамадзтва. Ставілася задача нагнаць страху на насельніцтва, каб людзі баяліся не толькі пратэставаць, але нават публічна выказваць сваё іншадумства.

І вось цяпер тактыка памянялася. Улады імкнуцца прыхаваць маштаб рэпрэсій. Амаль зьніклі пакаянныя відэа, у судах засакрэцілі інфармацыю пра «палітычныя» працэсы.

У чым прычыны такіх зьменаў? Некаторыя зь іх на паверхні.

Павел Сапелка тлумачыць новы падыход уладаў так: «У гэтым сэнсе вельмі істотнымі, на маю думку, сталі дзьве падзеі. Гэта меркаваны візыт у Беларусь Вярхоўнага камісара па правах чалавека, запрашэньне да якога публічна агучана напрыканцы лютага. Таксама гэта палітычныя захады дыпляматыі ЗША».

Сапраўды, перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам адыгрывае сваю ролю ў зьмяншэньні публічнасьці рэпрэсій.

Акрамя таго, на наш погляд, дзейнічаюць і іншыя, што важна, унутраныя чыньнікі. Найперш варта адзначыць, што задача застрашэньня грамадзтва выкананая. Як заўважае Павел Сапелка, страх у беларускім грамадзтве стаў больш глыбінным і хранічным.

«Калі раней людзі баяліся перасьледу за публічную актыўнасьць, то зараз выклікаў нашмат больш», — кажа ён.

Ні пра якія пратэсты нават гаворкі няма. Таму можна перавесьці рэпрэсіі ў лятэнтны рэжым.

Да таго ж публічная інфармацыя пра вялікі маштаб рэпрэсій у пэўным сэнсе разбурае ідэалягічны канструкт пра стабільнасьць. Бо, паводле афіцыйнай прапаганды, Беларусь — гэта выспа спакою, бясьпекі, міру, стваральнай працы на тле ўсялякіх забурэньняў, якія віруюць вакол. І масавы перасьлед іншадумцаў дрэнна ўпісваецца ў гэтую карціну.

Дарэчы, у часы сталінскага тэрору «чорныя варанкі» прыяжджалі за чарговымі ахвярамі ноччу. Толькі раніцай грамадзяне з палёгкай уздыхалі, маўляў, «пранесла», і ішлі на працу, з трывогай чакаючы з вечару гукаў аўтамабіля. І такая тактыка стварала сытуацыю, што вялікая частка савецкіх людзей не ведалі пра маштаб тэрору ў краіне і верылі прапагандзе, што яны жывуць у самай шчасьлівай краіне сьвету.

Беларускія ўлады актыўна эксплуатуюць міт пра «народнае адзінства». Маўляў, увесь народ падтрымлівае ўладу, ёсьць толькі адзінкі, якія па нейкіх незразумелых прычынах упарцяцца, схаваліся «пад плінтусам» і ўсяляк шкодзяць, выношваючы зласьлівыя пляны супраць дзяржавы.

Але праблема ў тым, калі на інфармацыйным экране людзі кожны дзень бачаць паведамленьне пра затрыманьні, пакаяньні, суды над «экстрэмістамі», то складваецца ўражаньне, што Беларусь проста перапоўнена гэтымі самымі «экстрэмістамі», «тэрарыстамі» і іншымі праціўнікамі ўладаў.

То ў такім разе казаць пра нейкае «народнае адзінства» ніяк не выпадае. Наадварот, гэта нагадвае сытуацыю грамадзянскай вайны.

Таму спыняюцца не рэпрэсіі, а інфармацыя пра іх. Тым больш, што паводле сацыёлягаў, нават у асяродзьдзі прыхільнікаў Лукашэнкі маштабныя рэпрэсіі ня маюць вялікай падтрымкі.

Ужо не сакрэт, што ў краіне нарастае праблема дэфіцыту працоўных рэсурсаў. Пра гэта ведае нават далёкі ад эканомікі і палітыкі абывацель, асабліва на тле ажыятажу вакол пытаньня пра 150 тысяч пакістанцаў, якіх Аляксандар Лукашэнка нібыта зьбіраецца завесьці ў Беларусь.

На гэтым фоне рэпрэсіі, якія правакуюць працэс эміграцыі, выглядаюць асабліва недарэчна. І ў абывацеля ўзьнікае пытаньне: навошта выганяць беларусаў, каб на іх месца завозіць пакістанцаў? Можа, наадварот, варта паспрабаваць вярнуць тых, хто выехаў?

Таму ўлады спрабуюць прыхаваць рэпрэсіі і нават імітуюць дзейнасьць па вяртаньню беларускіх эмігрантаў. Дзеля гэтага стварылі адмысловую камісію па вяртаньню.

Нарэшце, Лукашэнку важна захаваць ляяльнасьць намэнклятуры. Ужо больш года ён прызначае на кіроўныя пасады пераважна не сілавікоў, а тэхнакратаў, для якіх шкода палітычных рэпрэсій для эканомікі відавочная.

Да таго ж чыноўнікі асьцерагаюцца, каб рэпрэсіі не перакінуліся на іх, бо машына тэрору працуе паводле сваёй унутранай лёгікі, якая, як паказвае гістарычны досьвед, пэрманэнтна шукае новых ахвяраў і ў элітным асяродзьдзі.

Маем шмат прыкладаў, што за ўдзел у пратэстах ад рэпрэсій пацярпелі дзеці высокіх чыноўнікаў. Вось кіраўніцтва рэжыму і стараецца прыцішыць мэдыйны шум вакол гэтай тэмы.