История

Андрэй Кныш

«Апошні парад надыходзіць». Як беларусы развітваліся з «Великим Октябрем»

«Салідарнасць» пагартала савецкія газеты, каб прыгадаць падзеі на зломе эпохаў.

Так выглядала савецкая перыёдыка ў часы брэжнеўскага застоя

7 лістапада Беларусь адзначае чарговую гадавіну бальшавіцкага пераварота 1917-га — адзіная ў свеце на афіцыйным узроўні.

Мы ж з дапамогай архіваў савецкай прэсы прыгадаем, як напрыканцы існавання Беларускай ССР савецкае свята адыходзіла, здавалася, у нябыт.

Лістапад 1989 года. Газета «Літаратура і Мастацтва» на першай паласе публікуе фота ўдзельнікаў парада, апранутых у форму чырвонаармейцаў і матросаў. Над здымкам лозунг-загаловак: «Няхай жыве 72-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі!».

Побач — цытата са святочнага выступу Міхаіла Гарбачова, які параўноўваў распачатую ім Перабудову з рэвалюцыяй у рэвалюцыі. І рэвалюцыйны верш паэта з Беразіна.

А на другой паласе таго ж нумару зусім іншы настрой: фотарэпартаж «Курапаты — дарога памяці», у якім расказваецца пра тысячы беларусаў, што прыйшлі ў мінскае ўрочышча, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Яшчэ свежая памяць пра тое, як міліцыянты і гэбісты збівалі і арыштоўвалі ўдзельнікаў шэсця ў Курапаты годам раней. 

Лістапад 1990-га. Колькі месяцаў таму Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце. На першай паласе «ЛіМа» знакамітае фота з Курапатаў, на якім удзельнікі дзядоўскага шэсця ўздымаюць вялікі крыж. Сярод іх — камуніст Валер Шчукін.

У нумары грунтоўгыя артыкулы Васіля Быкава і Сяргея Дубаўца. Народны пісьменнік заклікаў «абудзіць у сабе сумленне», а будучы рэдактар яшчэ не адноўленай «Нашай Нівы» разважаў пра падставы для рацыянальнага нацыяналізму.

Пра парад да 7 лістапада таксама была публікацыя, яе размясцілі на другой паласе. У ёй вялося пра тое, як у іншых яшчэ савецкіх рэспубліках мясцовыя ўлады фактычна байкатавалі Маскву — хтосьці адкрыта ігнараваў урачыстасці, хтосьці дазволіў іх па-за цэнтрам горада.  

Аўтар той «лімаўскай» зацемкі падтрымаў ініцыятывы па выключэнні неабгрунтаваных выдаткаў на камуністычны парад і пастаноўцы пытання аб мэтазгоднасці ваеннага складніка святкавання. І зрабіў прагноз: ці не ў апошні раз будзе той парад?

Той нумар выйшаў яшчэ з савецкім ордэнам «Дружбы народаў» і пазнакай, што выданне з’яўляецца штотыднёвікам Міністэрства культуры і Саюза пісьменнікаў БССР. Але месца ранейшага лозунга — «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» — заняла цытата з Янкі Купалы — «Людзьмі звацца!»

Кастрычнік 1991-га. Газета «Звязда» разважае над варыянтамі новага беларускага календара, у якім вось-вось з’явяцца Дзяды і Каляды — на змену апалым «чырвоным лісткам» — 7 лістапада і 23 лютага.

А праз месяц усё той жа «ЛіМ» напіша, што «сёлета ўпершыню за доўгія гады не было звыклых заклікаў ЦК КПСС да чарговай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».

Бо не было ўжо ні ЦК, ні КПСС, ні парадаў на 7 лістапада на афіцыйным узроўні. З першай паласы выдання знік савецкі ордэн, «Літаратура і Мастацтва» цяпер пазіцыянавала сябе, як газету творчай інтэлігенцыі Беларусі.

У тым нумары быў апублікаваны артыкул Віталя Тараса «У кожнага свой Кастрычнік». Шмат у чым прарочы — у ім аўтар нагадваў, што і праз два гады ніхто з удзельнікаў і арганізатараў збіцця дэманстрантаў у Курапатах не быў пакараны.

Тарас перасцерагаў, што камуністы чакаюць моманту для рэваншу, а вось ці гатовыя прыхільнікі незалежнасці забыць свой «кастрычнік 88-га»?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)